Польшчу праінфармавалі, што ад серады цалкам спыняюць пастаўкі расейскага газу

Ілюстрацыйная выява

«Газпром» не пацьвярджае інфармацыю аб тым, што пастаўкі расейскага газу ў Польшчу ўжо спынілі, паведаміў журналістам афіцыйны прадстаўнік холдынгу Сяргей Купрыянаў, перадае ТАСС.

Пры гэтым у «Газпроме» падкрэсьлілі, што «сёньня Польшча абавязаная заплаціць за пастаўкі газу ў адпаведнасьці з новым парадкам плацяжоў».

Адразу пасьля гэтага стала вядома, што польскія Gaz-System і нафтавагазавая кампанія (PGNiG)атрымалі ад «Газпрома» апавяшчэньне аб поўным спыненьні паставак газу з 27 красавіка.

У канцы сакавіка Пуцін паведаміў, што падпісаў указ, паводле якога так званыя варожыя краіны павінны плаціць за расейскі газ выключна ў расейскіх рублях. Большасьць краін Эўразьвязу, у тым ліку Польшча, не пагадзіліся на гэты дыктат.

Раней польскі партал Onet са спасылкай на неафіцыйныя дадзеныя ва ўрадавых колах і ў энэргетычнай кампаніі PGNiG паведаміў, што Расея прыпыніла пастаўкі газу ў Польшчу ў рамках ямальскага кантракту. Паводле інфармацыі парталу, у Міністэрстве па пытаньнях клімату створаны крызісны штаб. Афіцыйна аб прыпыненьні паставак не паведамляецца, апавяшчэньне аб гэтым павінна паступіць на працягу дня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея прыпыніла пастаўкі газу ў Польшчу, — Onet.pl