Прэм’ера спэктакля «Тыль» пра адважнага правадыра галяндзкіх гёзаў, якія змагаліся супраць тыраніі, адбылася ў Нацыянальным тэатры імя Якуба Коласа (Віцебск) 21 лістапада 2021 году.
Але адразу пасьля прэм’еры спэктакль забаранілі і адбыліся звальненьні ў калектыве. Цяпер пасады пазбавіўся і рэжысэр гэтай пастаноўкі Міхаіл Краснабаеў — яму не працягнулі кантракту. Аб гэтым Zerkalo.io паведамілі чытачы і пацьвердзілі супрацоўнікі тэатру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь віцебскага тэатру, дзе забаранілі спэктакль, звальняюць дырэктара і актораў, якія ў ім сыграліМіхаіл Краснабаеў працаваў у віцебскім тэатры практычна ўсё жыцьцё. Ён нарадзіўся ў 1960-м у Шчучынскім раёне, вучыўся ў Менскім інстытуце культуры і Тэатральна-мастацкім інстытуце. Пасьля заканчэньня апошняга Краснабаеў у 1985-м прыйшоў у Коласаўскі тэатар і да 2004 году быў яго акторам. Потым перайшоў на пасаду рэжысэра, з 2017 году працаваў мастацкім кіраўніком калектыву.
Сярод яго пастановак «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Леаніды не вернуцца на зямлю» паводле раманаў Уладзіміра Караткевіча.
Летась Міхаіл Краснабаеў падрыхтаваў да 95-годзьдзя тэатру спэктакль «Тыль» па пʼесе Грыгорыя Горына, напісанай паводле рамана Шарля дэ Кастэра.
П’еса паказвае эпоху Сярэднявечча, у якой блазан і валацуга з Фляндрыі змагаецца з хлусьнёй, што пануе ў краі, і хоча вызваліць сваю зямлю ад гішпанскай тыраніі.
На сцэне падчас пастаноўкі акторы задзейнічалі чырвоныя стужкі, а ў словах прысутнічалі выгукі «Жыве Фляндрыя!».
На ўрачыстую прэм’еру ў запрасілі кіраўніцтва гораду і вобласьці, а зь Менску прыехалі міністар культуры Анатоль Маркевіч і начальніца галоўнага ўпраўленьня культурных мерапрыемстваў Ірына Дрыга. Пасьля прэм’еры Маркевіч уручыў калектыву падарункі і памятную грамату да юбілею Коласаўскага тэатру, аднак адразу пасьля прэм’еры пастаноўку зьнялі з паказаў, а дырэктара тэатру выклікалі на размову ў Менск.
Пазьней з дырэктарам тэатра Аляксандрам Старых разарвалі кантракт з 1 сьнежня 2021 году. Таксама са студзеня 2022 года з тэатра звольнілі актораў Юлію Крашэўскую (у Коласаўскім тэатры з 1997 году, вядучы майстар сцэны, сыграла каля 40 роляў у тэатры) і Арцёма Герака (у тэатры з 2013 году, на гэты момант заняты ў 27 рэпэртуарных спэктаклях).
Герак іграў адну зь вядучых роляў у гэтым спэктаклі (ён выканаў ролю караля Піліпа). Крашэўская адыграла ў пастаноўцы ролю другога пляна. Таму «Тыль», верагодна, стаў толькі падставай для іх звальненьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Коласаўскім тэатры зьнялі з рэпэртуару спэктакль, у якім скандавалі «Жыве Фляндрыя!»