Асуджаны на 5 гадоў калёніі палітзьняволены Яўген Рубашка ў лісьце з турмы паведаміў, што пры затрыманьні сілавікі білі яго рукамі ў пальчатках па корпусе, нагам і галаве. Пасьля ягонай адмовы сказаць пароль ад смартфона катаваньні ўзмацніліся.
«Стаў задыхацца»
«Я патроху пачаў адключацца. Яны гэта заўважылі, перавярнулі на сьпіну. Адзін адкрыў мне рот, уставіў нейкі прадмет накшталт алоўка і сьціснуў мне нос, а другі пачаў заліваць мне ў горла моцнаалкагольную вадкасьць, мяркую, гарэлку», — расказаў Яўген Рубашка, якога цытуе «Вясна».
Ён адзначыў, што ў пэўны момант ня мог больш стрымліваць паветра і стаў задыхацца, таму пачаў глытаць паветра разам з гарэлкай.
«Потым па неабачлівасьці аслабілі нос, і я ўмудраўся больш дыхаць ім. Зноў перавярнулі на жывот. Станавіліся нагой на сьпіну.
Затым адзін з быкоў сказаў, што „Зае...ся со мной возиться, как с Дедком“ (да палітзьняволенага анархіста Мікалая Дзядка пры затрыманьні таксама прымяняліся катаваньні). І пачаў наносіць мне моцныя хуткія ўдары ў вонкавы бок левага сьцягна, у адно і тое ж месца. Пасьля 10-15 удараў я сказаў, што паведамлю пароль».
Таксама Рубашка расказаў, што судмэдэкспэртыза была праведзеная амаль праз паўтара месяцы. Аднак нават тады былі зафіксаваныя «сьляды на запясьцях і шчыкалатках ад наручнікаў, гематомы ў вобласьці левага сьцягна, левага калена, галёнкаступнёвых суставаў, 5-6 рэбраў па левай ніжняй ключычнай лініі».
«„Валадарцы“ далёка да канцлягера на Акрэсьціна»
Апісваючы цяперашнія ўмовы ў СІЗА-1, Яўген адзначае, што «„Валадарцы“ далёка да канцлягера на Акрэсьціна». Ён шмат чытае і нават застаецца «з нацяжкай вэгетарыянцам».
Аднак анархіст кажа, што ў СІЗА існуюць пэўныя праблемы з мэдыцынскай дапамогай. Рубашка таксама згадаў, што палітзьняволенага Арцёма Салаўя прымусілі напісаць яўку з павіннай, пагражаючы сэксуальным гвалтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску вынесьлі прысуды чатыром палітзьняволеным анархістамЯўгену Рубашку і яшчэ трох анархістаў, Аляксандру Бялову, Арцёму Салаўю і другому Арцёму Салаўю вынесьлі выракі 22 красавіка ў Менскім абласным судзе.
Судзьдзя Алена Місьнік прызнала іх вінаватымі паводле арт. 342 і ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі і агучыла наступныя выракі:
Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзьмітрыевічу Салаўю — па пяць гадоў калёніі агульнага рэжыму, Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 4,5 года калёніі агульнага рэжыму.
Пазоў «Менсктрансу» будзе вылучаны ў асобнае вядзеньне, паведамляе «Вясна».
У апошнім слове Яўген Рубашка сказаў:
«Хтосьці выбірае ўпісаць свае імёны ў гісторыю палітычных рэпрэсіяў. І калі камусьці датычнаму да іх будзе гікацца, то ведайце, што вашыя імёны ўспамінаюць палітвязьні, якія сядзяць, а зь імі іх родныя і блізкія, а зь імі — і ўся краіна.
І апошняе слова ня будзе сказанае да тых часоў, пакуль усе ня будуць вольныя!»
Суд над анархістамі быў закрыты, таму праваабаронцам пра разгляд справы амаль нічога невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ІТ-спэцыяліст, геадэзіст і два поўныя цёзкі: у Менску судзяць актывістаў анархісцкага руху