Паводле заявы ведамства, гэта «сымэтрычны адказ» у сувязі з «выразна недружалюбным рашэньнем ураду Нямеччыны». 4 красавіка Нямеччына абвясьціла пэрсонамі non grata 40 расейскіх дыпляматаў.
У паведамленьні расейскага МЗС гаворыцца, што расейскі бок лічыць непрымальнай заяву кіраўніцы МЗС Нямеччыны Анналены Бэрбак, «у якой гэты крок уладаў Нямеччыны матывуецца абсалютна ілжывым сьцьвярджэньнем аб тым, што праца згаданых супрацоўнікаў была накіраваная на падрыў „свабоды Нямеччыны“ і „адзінства нямецкага грамадзтва“, а таксама інсынуацыямі ў адносінах да таго, што адбываецца ва Ўкраіне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Расеі высылаюць 45 польскіх дыпляматаўАнналена Бэрбак, камэнтуючы рашэньне выслаць расейскіх дыпляматаў зь Нямеччыны, заявіла, што тыя «кожны дзень працавалі супраць свабоды і супраць згуртаванасьці грамадзтва». Бэрбак таксама падкрэсьліла, што фатаграфіі загінулых на вуліцах гораду Буча ў прыгарадзе Кіева гавораць пра неверагодную жорсткасьць расейскага кіраўніцтва ў адносінах да ўкраінцаў.
З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага амаль усе краіны ЭЗ абвясьцілі пэрсонамі non grata вялікую колькасьць расейскіх дыпляматаў і іншых супрацоўнікаў дыпмісіяў Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За два дні пасьля Бучы з краінаў ЭЗ выслалі больш за 200 расейскіх дыпляматаў. Агулам іх ужо 325 ад пачатку вайны