Міністар фінансаў Беларусі: «Дэфолт ня будзе вялікай праблемай»

Міністэрства фінансаў Беларусі

Беларусь не адмаўляецца плаціць па зьнешніх абавязаньнях, але «па розных прычынах (у асноўным з прычыны санкцый) ня ўсе плацяжы праходзяць». Пра гэта заявіў міністар фінансаў Юрый Селіверстаў тэлеканалу «Беларусь 1».

Яго словы прыводзіць партал «Зеркало».

— Гэта ня нашая віна. Ёсьць факты: мы адпраўлялі свае плацяжы, напрыклад, у Англію міжнародным арганізацыям, але з рахункаў Нацбанку гэтыя плацяжы не праводзіліся. Ёсьць тэрмін, ёсьць рэсурсы. Паспрабавалі — адмовіліся. Ну, хлопцы, тады прабачце — грошы ў нас знаходзяцца тут у беларускіх рублях, — заявіў міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта проста піяр-кампанія». Ці зможа Беларусь аддаваць даўгі ў беларускіх рублях

Селіверстаў падкрэсьліў, што сытуацыя з абмежаваньнямі і немагчымасьцю разьлікаў «накіраваная» на тое, каб Беларусь абвясьціла дэфолт па зьнешніх абавязацельствах. Але гэта, паводле яго, «ня будзе вялікай праблемай».

— Не думаю, што трэба баяцца. Той, хто не хацеў з намі працаваць, адмовіўся гэта рабіць і без абвяшчэньня дэфолту, — запэўніў Селіверстаў.

Таксама міністар паведаміў, што вядзецца работа па падключэньні да кітайскіх плацёжных сыстэмаў, і яна «хутка завершыцца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Варта чакаць падзеньня сёлета беларускай эканомікі прыблізна на 10%, — экспэртка Барнукова