У Варшаве адбылася акцыя на дзень нараджэньня палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай

24 красавіка, на дзень нараджэньня палітычнай зьняволенай, у яе падтрымку выказаліся ў сталіцы Польшчы.

Сярод удзельнікаў сустрэчы былі дэпутат польскага Сэйму Міхал Шчэрба, былы палітвязень, адвакат Калесьнікавай Ільля Салей, прадстаўніца праекту PolitZek.me Іна Кавалёнак і іншыя.

Марыя Калесьнікава, 22 жніўня 2020 году

«Ня трэба за палітвязьняў пакутаваць — нам трэба за іх працаваць»

«Другі год запар Маша атрымлівае віншаваньні толькі на паперы. Але нават і ня ўсе зь іх яна можа прачытаць...», — сказаў Глеб Герман з каманды экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыкі.

Глеб падкрэсьліў, што самая вялікая мара Марыі Калесьнікавай — Свабода Беларусі і беларусаў. Пасьля чаго зачытаў кароткі зварот Марыі, які яна перадала ўсім, хто сёньня прыйшоў яе падтрымаць: «Мае дарагія сябры, нягледзячы на тое, што мы і ня побач, ведайце — вы заўсёды са мной, у маім сэрцы. Дабро і каханьне перамогуць».

Глеб Герман і Іна Кавалёнак

Прадстаўніца ініцыятывы Politzek.me Іна Кавалёнак падчас свайго выступу адзначыла, што дзень нараджэньня Марыі Калесьнікавай у будучыні можа стаць дастойным днём для агульнага сьвята і дзяржаўнага выхаднога ў Беларусі.

«Я ўпэўнена, што, Маша гэтага цалкам заслугоўвае», — падкрэсьліла Іна.

Яна адзначыла, што Марыя, як і ўсе астатнія палітвязьні, сёньня мае патрэбу ў пастаяннай падтрымцы, і заклікала прысутных дзяліцца навінамі пра палітвязьняў, расказваць пра іх, і пісаць ім лісты.

«Як кажуць у нас, у Politzek, нам ня трэба за палітвязьняў пакутаваць — нам трэба за іх працаваць. Іх падтрымліваць — гэта тое, што ў нашых сілах», — сказала Іна.

«Мы вельмі ёй ганарымся»

Выступіў на акцыі і адвакат Бабарыкі і Калесьнікавай Ільля Салей. Ён падзякаваў усім, хто змог сёньня прыйсьці і адзначыць гэтае сьвята разам з Марыяй.

«У жніўні 2020 году чаму я не пакінуў Беларусь, хаця рызыкі былі ўжо вельмі вялікія? Маша тады паабяцала ўсім, што з краіны ня зьедзе, і сваё слова яна стрымала. І мы вельмі ёй ганарымся. Маша вельмі любіць „ігрыстае“, вы гэта ведаеце. Аднак выпіць яго сёньня ў яе магчымасьці ня будзе. Маша прасіла перадаць, што адзначае народзіны кока-колай і клубнічным марожаным. А мы падымем за яе таксама бакалы і адзначым гэты дзень за яе», — сказаў Салей.

Сьпявак Лявон Вольскі павіншаваў Марыю Калесьнікаву выканаўшы «Тры чарапахі».

Перад гэтым Глеб Герман прапанаваў усім прысутным падняць выразаныя з кардону былыя і чырвоныя сэрцы і прамовіў словы Марыі: «Каханьне мацнейшае за страх. Свабоду Марыі Калесьнікавай».

«Марыя — сымбаль супраціву і мужнасьці»

Выступіла на акцыі і прадстаўніца «Каардынацыйнай рады» Вольга Кавалькова:

«Жадаю Марыі, каб яна хутчэй была са сваімі роднымі і з намі, з камандай, на волі. Каб мы разам будавалі новую краіну. Жадаю ўсім таксама зараз берагчы сябе. Мы патрэбны адзін аднаму і нашай краіне. І разам пераможам», — сказала Кавалькова.

Палітоляг Дзьмітры Балкунец, які прысутнічаў на мерапрыемстве, у сваю чаргу нагадаў, што сёньня дзень нараджэньня адзначае і старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

Балкунец зазначыў, што Пазьняк, адыграў вельмі важную ролю ў пачатку 90-х гадоў, а Марыя Калесьнікава — у 2020, калі адкрыла для многіх вочы ў Беларусі і стала сымбалем супраціву і мужнасьці.

«Марыя — чалавек, які за свае перакананьні пакутуе, як і многія іншыя людзі, якія сядзяць у турмах. І ў гэтай сытуацыі трэба працягваць супраціў нягледзячы на тое, што ідзе вайна ва Ўкраіне, у якую Лукашэнка ўцягнуў Беларусь. Нам трэба быць разам і мець кансалідаваную пазыцыю...»

Дзьмітры Балкунец

«Яна наўмысна казала — „вы неверагодныя“»

Прадстаўнік анархісцкага руху ў сваёй прамове нагадаў ужо столь вядомыя словы Калесьнікавай «Вы неверагодныя».

«Яна наўмысна так казала пра ўсіх нас, а ня толькі пра лідэраў...пра тое, што мы здольныя ўсе зьмяніць. Менавіта толькі мы, ўсе разам, здольныя зьмяняць гэты сьвет. Толькі адной надзеі мала. Шмат хто з нас у 2015 годзе, падчас сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі сядзеў, на канапе і спадзяваўся, але спадзеваў недастаткова — патрэбныя дзеяньні. І менавіта таму, што кожны з нас выйшаў у 20-м годзе і штосьці рабіў, справа ссунулася з месца».

Ён падкрэсьліў, што не забываць пра тых, хто змагаўся за свабодную Беларусь і нагадаў пра зьняволеных таварышаў анархістаў.

«Усе гэтыя людзі прысьвяцілі значную частку свайго жыцьця барацьбе і мы павінны ня толькі не забывацца і падтрымліваць іх, але таксама дзейнічаць, рабіць штосьці ўкладваць свой унёсак у будучыню вольнай Беларусі».

«У жніўні мы зразумелі, што беларускае грамадзтва сасьпела, стала свабодным»

Дэпутат польскага сэйму Міхал Шчэрба ў сваёй прамове падкрэсьліў, што сёньня ўсе прысутныя прыносяць свае пажаданьні не толькі Калесьнікавай, але ўсёй Беларусі — «той пра якую мы марым і дзеля якой працуем».

«Гэтыя пажаданьні вельмі простыя — свабода для Машы, свабода для зьняволеных, гэта вяршэнства закону, гэта дэмакратыя і павага да ўсіх і кожнага, гэта свабода выбару і свабодныя выбары, свабодныя суседзі, свабодная і бясьпечная Украіна і шчасьлівая людзі».

Таксама Міхал Шчэрба ўспомніў сваё першае знаёмства з Марыяй, якое адбылося ў дзень выбараў:

«Гэта былі цудоўныя жнівеньскія дні, калі мы ўсе разумелі, што адбываецца нешта важнае, што беларускае грамадзтва сасьпела, стала свабодным — унутрана свабодным. Тое, што адбываецца прама зараз, прычыняе нам вялікі боль. Але паверце мне, Польшча і польская салідарнасьць, і грамадзкі рух салідарнасьці, які паўстаў у 80-х гадах, — усё гэта запатрабавала часу, і гэты дзень [свабоды Беларусі] настане хутчэй, чым мы чакаем», — падсумаваў Міхал Шчэрба.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.

Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.