Стваральнікі акцыі «Бессмертный полк» з Томска ў адмысловай заяве папрасілі ня зьвязваць іх з будучымі шэсьцямі з прычыны «зьмяненьня першапачатковага сэнсу акцыі».
«Дзесяць гадоў таму, у траўні 2012 году, у Томску прайшоў першы «Бессмертный полк». Тады ж мы сфармулявалі прынцыпы, якіх прытрымліваемся многія гады», — сказана ў заяве.
Стваральнікі акцыі адзначаюць, што цяпер бачаць «мноства зьяваў і падзеяў, якія зьмяняюць першапачатковы сэнс «Бессмертного полка». Прама гэтыя падзеі аўтары заявы не называюць.
«Зразумела, кожны чалавек вольны вырашаць самастойна, каго і як менавіта ён успамінае 9 траўня. Але мы ня лічым больш магчымым зьвязваць сябе з тым, што адбываецца ў калёнах на вуліцы», — пішуць яны.
- У першы дзень расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага стваральнікі «Бессмертного полка» — былыя журналісты томскага канала ТВ2 — асудзілі вайну. «Бяда ў тым, што мала хто задумваецца, што ў гэтую вайну, што на адным, што на другім баку, кінутыя якраз праўнукі тых, хто ваяваў тады — каго мы называем сёньня „Бессмертным полком“. Я вось думаю, што, напэўна, нашыя прадзеды нас праклялі б за тое, што адбылося», — сказаў адзін са стваральнікаў акцыі Сяргей Лапенкаў.
- 20 красавіка расейскія ўлады заявілі, што плянуць правесьці шэсьце «Бессмертный полк» у акупаваным Марыюпалі.
- 22 красавіка прэс-сакратарка руху «Бессмертный полк» Вольга Байбулава заявіла, што сваякі расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне, змогуць прыйсьці на акцыю зь іх партрэтамі.