Затрыманы старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў (СПМ) 80-гадовы Аляксандр Бухвостаў знаходзіцца ў шпіталі з сардэчным прыступам, паведамляе онлайн-выданьне «Салідарнасьць».
У апошнія дні ў Беларусі адбылася сэрыя ператрусаў і затрыманьняў прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзнага руху. У СІЗА КДБ зьмясьцілі лідэра прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзя Фядыніча, прафсаюзнага актывіста Вацлава Арэшку, намесьніка старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Сяргея Антусевіча, кіраўніка ячэйкі Свабоднага прафсаюзу Беларусі Мікалая Шараха і намесьніка старшыні СПМ Аляксандра Еўдакімчыка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышты лідэраў і актывістаў прафсаюзнага руху. Што вядома на 21 красавікаБылі затрыманыя лідэр БКДП Аляксандр Ярашук, старшыня СПМ Аляксандр Бухвостаў, актывісты Віталь Чычмараў, Ірына Бут-Гусаім, Ігар Леднік.
Паводле зьвестак выданьня, застаюцца ў няволі: Аляксандр Ярашук, Сяргей Антусевіч, Ірына Буд-Гусаім, Мікалай Шарах, Генадзь Фядыніч, Яна Малаш, Віталь Чычмараў, Міхаіл Громаў, Васіль Бераснеў, Дзьмітрый Бародка, Аляксандр Еўдакімчык, Міраслаў Сабчук.
Ігар Комлік, Алена Яськова, Ганна Дусь, Мікалай Герасіменка, Вадзім Пайвін і Юры Белякоў пасьля допытаў, а некаторыя — пасьля допытаў і сутак у СІЗА — вызваленыя і знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошваньні. Гэта прафсаюзныя юрысты і журналісты.
21 красавіка затрымалі і дапыталі таксама міжнароднага сакратара Беларускага незалежнага прафсаюзу Лізавету Мерляк. Пасьля допыту яе адпусьцілі.
З асуджэньнем затрыманьня прафсаюзных актывістаў і патрабаваньнем іх вызваленьня выступілі Сусьветная фэдэрацыя прафсаюзаў IndustriALL, Міжнародная арганізацыя працы, Нямецкі прафсаюз адукацыі і навукі GEW, міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International, Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў (ITUC).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узначальвалі рабочы рух яшчэ ў 90-х. Каго затрымалі ў справе незалежных прафсаюзаў