«Відавочна, ёсьць чаканьне, што Расея тым ці іншым чынам дапаможа часткова забясьпечыць аднаўленьне Ўкраіны, і мы павінны гэтага дамагацца», — так міністарка фінансаў ЗША Джанэт Елен адказала на пытаньне аб магчымасьці накіраваць частку замарожаных расейскіх актываў на адбудову Ўкраіны. Пытаньне прагучала на прэс-канфэрэнцыі ў чацьвер.
«Відавочна, што выдаткі на адбудову Ўкраіны будуць велізарнымі», — сказала Елен, паведамляе «Голас Амэрыкі».
У рамках санкцыйнага рэжыму ЗША і эўрапейскія краіны замарозілі значную частку золатавалютных рэзэрваў Расеі, якія перавышаюць 600 мільярдаў даляраў.
Елен адмовілася раскрываць дэталі варыянтаў магчымага выкарыстаньня сродкаў і дапусьціла, што ў гэтай галіне можа спатрэбіцца рашэньне Кангрэсу ЗША. Яна таксама падкрэсьліла важнасьць міжнароднай каардынацыі ў гэтай сфэры.
У чацьвер Елен сустрэлася з прэм’ер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалём, які знаходзіцца зь візытам у Вашынгтоне. Елен агучыла гатоўнасьць ЗША аказаць Украіне эканамічнай падтрымкі дадаткова на 500 мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн абвясьціў аб новым пакеце ваеннай дапамогі ЎкраінеГэтыя сродкі дазволяць Украіне выплачваць заробкі, праводзіць сацыяльныя выплаты, «каб не пагаршаць гуманітарную сытуацыю ва Ўкраіне», дадала міністарка. Яна падкрэсьліла, што патрэба тэрміновая і сродкі паступяць як мага хутчэй.
Елен падкрэсьліла, што ЗША і міжнародная супольнасьць падтрымліваюць Украіну. «Расейская вайна выклікала хуткі міжнародны адказ, якога не бывала дзесяцігодзьдзямі», — дадала яна.
У кааліцыю ў падтрымку Ўкраіны ўваходзяць больш за 30 краін, на долю якіх прыпадае больш за палову сусьветнай эканомікі, чые канвэрсавальныя валюты найшырэй выкарыстоўваюцца і дзе ствараюцца самыя сучасныя тэхналёгіі, зазначыла Елен.
Напярэдадні міністарка фінансаў ЗША, украінская дэлегацыя і дэлегацыі іншых краін выйшлі з паседжаньня міністраў фінансаў «Вялікай дваццаткі», паведамляюць СМІ са спасылкай на прысутных.
Такім чынам яны выступілі супраць удзелу расейскай дэлегацыі на чале зь міністрам фінансаў Антонам Сілуанавым у G-20. Супраць Сілуанава дзейнічаюць санкцыі ЗША.
Прэзыдэнт ЗША Байдэн раней заяўляў аб неабходнасьці выключыць Расею з G-20.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз і NATO дамовіліся ня даць Расеі перамагчы ў вайне з Украінай