У Менску вынесьлі прысуды чатыром палітзьняволеным анархістам

Зьлева направа: Аляксандар Бялоў, Арцём Дзьмітравіч Салавей, Арцём Сяргеевіч Салавей і Яўген Рубашка. Фота праваабарончага цэнтру «Вясна»

22 красавіка ў Менскім абласным судзе вынесьлі выракі палітзьняволеным Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Салаўю і Арцёму Салаўю.

Судзьдзя Алена Місьнік прызнала іх вінаватымі паводле арт. 342 і ч.3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі і агучыла наступныя выракі:

  • Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзьмітравічу Салаўю — па пяць гадоў калёніі агульнага рэжыму,
  • Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 4,5 года калёніі агульнага рэжыму.

Пазоў «Менсктрансу» будзе вылучаны ў асобнае цывільнае вядзеньне, паведамляе «Вясна».

Стала вядома таксама апошняе слова Яўгена Рубашкі:

«Хтосьці выбірае ўпісаць свае імёны ў гісторыю палітычных рэпрэсіяў. І калі камусьці датычнаму да іх будзе гікацца, то ведайце, што вашыя імёны ўспамінаюць палітвязьні, якія сядзяць, а зь імі іх родныя і блізкія, а зь імі — і ўся краіна.

І апошняе слова ня будзе сказанае да тых часоў, пакуль усе не будуць вольныя!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ІТ-спэцыяліст, геадэзіст і два поўныя цёзкі: у Менску судзяць актывістаў анархісцкага руху

Працэс над чатырма актывістамі анархісцкага руху — Яўгенам Рубашкам, Аляксандрам Бяловым, Арцёмам Дзьмітравічам Салаўём і Арцёмам Сяргеевічам Салаўём — пачаўся ў Менскім абласным судзе 29 сакавіка. Праз 20 хвілінаў пасьля пачатку працэсу пасяджэньне зрабілі закрытым на хадайніцтва пракурора Аляксандра Рамановіча, вядомага зь іншых палітычных працэсаў.

Пракурор адзначыў, што гэтая крымінальная справа вылучаная зь іншай справы, папярэдняе расьсьледаваньне па якой ідзе дагэтуль — у тым ліку стасоўна іншых меркаваных саўдзельнікаў абвінавачаных. Ён хадайнічаў аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме, бо матэрыялы справы нібыта зьмяшчаюць інфармацыю, прызнаную «экстрэмісцкаю», і гэта неабходна дзеля таямніцы сьледзтва і каб не дапусьціць распаўсюджваньня інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай «экстрэмісцкаю». Абвінавачаныя і іх абаронцы выступілі супраць.

Судзьдзя Алена Місьнік задаволіла хадайніцтва Рамановіча. Яна дадала, што, акрамя заяўленых дзяржаўным абвінаваўцам прычын, у матэрыялах справы ёсьць зьвесткі пра асобаў, якія не падлягаюць разгалошваньню ў судовым пасяджэньні. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме, падрабязнасьці яе невядомыя.