Беларускія бегуны змогуць удзельнічаць у Варшаўскім маратоне пры ўмове асуджэньня расейскай агрэсіі ва Ўкраіне

Ілюстрацыйная выява

Бегуны зь Беларусі змогуць узяць удзел у Варшаўскім маратоне пры ўмове падпісаньня заявы з асуджэньнем расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, паведамляе Фонд спартыўнай салідарнасьці. Тое ж тычыцца расейскіх атлетаў.

Новая рэгістрацыйная форма будзе даступная з 25 красавіка, маратон адбудзецца 25 верасьня, піша BPN.

20 красавіка аргкамітэт Уімблдонскага тэніснага турніру (27 чэрвеня — 10 ліпеня) адхіліў ад удзелу спартоўцаў Расеі і Беларусі.

Раней Міжнародная тэнісная фэдэрацыя адхіліла беларускіх і расейскіх спартоўцаў ад камандных спаборніцтваў — мужчынскага Кубка Дэвіса і жаночага Кубка Білі Джын Кінг. Удзел у індывідуальных турнірах за спартсмэнамі РБ і РФ захаваўся толькі ў нэўтральным статусе — безь дзяржаўнай сымболікі ды іншых прыкмет нацыянальнай прыналежнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 21 красавіка: адміністратара тэлеграм-каналу ў падтрымку Ціханоўскага асудзілі на 7,5 года калёніі