Байдэн абвясьціў аб забароне ўваходзіць у парты ЗША для ўсіх караблёў пад расейскім сьцягам.
«Мы накіроўваем дапамогу непасрэдна на пярэдні край, каб украінскія вайскоўцы маглі абараніць сваю краіну, — заявіў ён. — Кожны амэрыканскі падаткаплатнік можа ганарыцца тым, што наша вайсковая моц дапамагае адбіць расейскую агрэсію. Пуціну ніколі ня ўдасца захапіць усю Ўкраіну, гэтага не адбудзецца!»
«Сёньня я абвяшчаю чарговы пакет дапамогі Ўкраіне ў памеры 800 мільёнаў даляраў для ўмацаваньня здольнасьці Ўкраіны ваяваць на Данбасе», – сказаў Байдэн у сваёй прамове ў чацьвер.
Паводле яго слоў, у гэты пакет дапамогі ўваходзяць, у прыватнасьці, цяжкая артылерыя, боепрыпасы і тактычныя бесьпілётнікі.
Джо Байдэн таксама заявіў, што ЗША акажуць Украіне яшчэ эканамічную дапамогу на 500 мільёнаў даляраў.
Таксама Байдэн абвясьціў, што пачынае дзейнічаць праграма, якая зробіць лягчэйшым прыезд у ЗША ўкраінскіх уцекачоў.
Ён асобна заявіў аб «адвазе» ўкраінцаў і дадаў, што ЗША маюць магчымасьць «яшчэ доўга» працягваць аказваць дапамогу Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якое амэрыканскае ўзбраеньне і тэхніка накіроўваецца ва Ўкраіну. ФОТА