У Расеі загарэўся вайсковы НДІ. Двое загінулі, больш за 30 пацярпелі

Пажар у навукова-дасьледчым інстытуце войскаў Паветрана-касьмічнай абароны ў Цьвяры, 21 красавіка

У Цэнтральным навукова-дасьледчым інстытуце войскаў Паветрана-касьмічнай абароны ў расейскім горадзе Цьвер адбыўся пажар.

Як паведамляюць расейскія інфармацыйныя агенцтвы 21 красавіка, пацярпелі каля 30 грамадзян.

«Загінулі дзьве асобы, лёс яшчэ адной вызначаецца. Каля 30 грамадзян пацярпелі. Усяго з будынку эвакуавалі больш за 30 асобаў», — паведамляе агенцтва Інтэрфакс.

Таксама вядома пра частковы абвал даху будынку. У момант пажару людзі выскоквалі з вокнаў. У іх зафіксавалі сінякі і траўмы, многія надыхаліся дымам.

Цэнтральны навукова-дасьледчы інстытут войскаў Паветрана-касьмічнай абароны ў Цьвяры займаецца вывучэньнем праблем паветрана-касьмічнай абароны і вайскова-касьмічнай дзейнасьці Расеі і адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны СНД.