Расея бачыць Беларусь у якасьці краіны-гаранта для Ўкраіны

Маскоўскі Крэмль

Масква хоча забясьпечыць «балянс» сярод гарантаў. Пра гэта заявіў дырэктар другога дэпартамэнту СНД МЗС РФ Аляксей Палішчук.

«Масква ня проста дапускае ўдзел Менску ў дамове. Мы настойваем на падключэньні Рэспублікі Беларусь у якасьці ўдзельніка будучых дамоўленасьцяў і адной зь дзяржаў-гарантаў. Гэта дазволіць забясьпечыць балянс усярэдзіне „клюбу“ такіх краін», — прыводзіць словы Аляксея Палішчука ТАСС.

Палішчук адзначыў, што гэтая ініцыятыва прагаворвалася зь беларускім бокам.

«Вядома, усё гэта прагаворвалася зь беларускімі сябрамі, якія, як я ўжо сказаў, дапамагаюць перамовам, даюць для іх сваю пляцоўку», — сказаў ён.

Аляксандар Лукашэнка 7 красавіка заявіў, што ніякія дамоўленасьці па міры ва Ўкраіне ня могуць быць заключаны безь Беларусі. Ён даручыў давесьці гэту пазыцыю да замежных дзяржаў. Кіраўнік беларускага МЗС Уладзімер Макей у той жа дзень паведаміў, што размова ідзе аб гарантыях бясьпекі для Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можа Беларусь выступаць гарантам бясьпекі Ўкраіны

На наступны дзень міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў растлумачыў, што Масква выступае за ўключэньне Беларусі ў лік краін-гарантаў.

Згодна з канцэпцыяй дамовы, агучанай украінскім бокам пасьля перамоваў у Стамбуле, у яе закладзены аналяг артыкулу 5 дамовы аб NATO. У выпадку нападу на Ўкраіну, краіны-гаранты на працягу 72 гадзін павінны правесьці кансультацыі і аказаць ваенную дапамогу Кіеву.

Пры гэтым на думку прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, гэтыя гарантыі будуць падобныя хутчэй на артыкулы статуту Эўразьвязу аб калектыўнай абароне краін, якія ўваходзяць у яго склад, чым на Пяты артыкул статуту NATO, які аб’яўляе, што атака на адну краіну, якая ўваходзіць у альянс, ёсьць атакай на ўсе краіны блёку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітоляг Андрэй Ягораў: «Удзелам у перамовах аб міры ва Ўкраіне Лукашэнка хоча захаваць кантроль над Беларусьсю»