Расея выкарыстоўвае грузінскія порты для імпарту прадукцыі. Пра гэта заявіла самая буйная апазыцыйная партыя Грузіі «Адзіны нацыянальны рух», піша Голас Амэрыкі.
Спасылаючыся на інфармацыю індыйскіх і расейскіх СМІ, дэпутат ад партыі Раман Гацырыдзэ заявіў, што праз грузінскія порты Індыя аднавіла пастаўкі ў Расею рысу, гарбаты, кавы, садавіны, морапрадуктаў і кандытарскіх вырабаў.
Пастаўкі прыпыняліся ў сувязі з увядзеньнем санкцый супраць Расеі, якія выклікалі цяжкасьці ў дастаўцы і разьліках паміж індыйскімі і расейскімі партнэрамі. Паводле інфармацыі індыйскіх крыніц, плацяжы праводзяцца ў рублях і рупіях, але таксама ў эўра праз «Сбербанк» і «Альфа-Банк» з расейскага боку і «Bank of Maharashtra» — з індыйскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: Бразылія шукае шляхі паставак беларускага калію ў абыход санкцыйУ «Адзіным нацыянальным руху» прызнаюць, што прадукты харчаваньня, якія пастаўляюцца з Індыі ў РФ, не падпадаюць пад санкцыянаваныя тавары, аднак у дадзеным выпадку апазыцыянэры бачаць праблему з маральнага пункту гледжаньня.
«Грузінскія порты сталі выратавальным колам для Расеі... Гэтыя тавары не трапляюць пад санкцыі, але ў той час, калі ў Эўропу не пускаюць расейскія караблі і аўтамабілі, Грузія дае магчымасьці для абыходу санкцый ці пераадоленьня цяжкасьцяў. Самае меншае, тут гаворка пра маральную адказнасьць», — адзначыў дэпутат грузінскага парлямэнту Раман Гацырыдзэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін даручыў пастаўляць газ у «недружалюбныя» краіны за рубліАдразу пасьля паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну грузінскі прэм’ер-міністар Іраклій Гарыбашвілі заявіў, што хаця Грузія падтрымлівае Ўкраіну, краіна не ўвядзе санкцыі супраць Расеі. Дадзеная заява Гарыбашвілі выклікала шырокія пратэсты сярод грузінскага насельніцтва і пасьля гэтага цягам некалькіх дзён у цэнтры Тбілісі праходзілі маштабныя акцыі салідарнасьці з Украінай.
Грузінскія ўлады ў сваё апраўданьне заявілі, што ўдзельнічаюць ва ўсіх міжнародных фінансавых санкцыях супраць Расеі, і што таксама падпісалі ўсе міжнародныя рэзалюцыі ў падтрымку Ўкраіны. Адначасова прадстаўнікі грузінскага кіраўніцтва настойваюць на тым, што ўвядзеньне Грузіяй індывідуальных санкцый супраць Расеі не адаб’ецца на расейскай эканоміцы, хаця ў той жа час прынясе значную шкоду эканоміцы Грузіі. Апазыцыю такі адказ не задавальняе, яна нагадвае прыхільнікам Гарыбашвілі аб тым, што 20% тэрыторыі Грузіі акупаваныя Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз забараніў беларускія аўтатранспартныя перавозкі тавараў на сваёй тэрыторыі. Нават транзытам