Аляксандра Герасіменя пакідае Беларускі фонд спартовай салідарнасьці 

Аляксандра Герасіменя

Прычыны сыходу з пасады Герасіменя пакуль трымае ў таямніцы.

Трохразовая прызэрка Алімпійскіх гульняў і старшыня Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Герасіменя паведаміла аб тым, што пакіне склад арганізацыі.

«Дарагія сябры. Жадаю падзяліцца з вамі навіной: я маю намер пакінуць склад Беларускага фонду спартовай салідарнасьці (BSSF). Як бы шмат мы ні зрабілі, чаго б ні дасягнулі, спыняцца ўсё роўна нельга і трэба рухацца далей.

P.S. Аб прычынах свайго рашэньня, а таксама аб далейшых плянах, я паведамлю крыху пазьней», — напісала Герасіменя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі спорт спыняе існаваньне». Што будзе зь беларускімі спартоўцамі пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне

Герасіменя ўзначальвала БФСС з 14 кастрычніка 2020 году.

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці ўтварыўся ў жніўні 2020 году і паставіў сабе на мэце абарону правоў спартоўцаў, якія зазналі рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі і падрыхтоўку глебы пад спартовыя арганізацыі дэмакратычнай Беларусі.

У рамках другой мэты ў 2021 годзе Акадэмія BSSF падрыхтавала 50 спартовых мэнэджараў, якія атрымалі спэцыяльныя тэарэтычныя веды і практычныя ўменьні, каб разумець, як функцыянуе спартовая індустрыя, каб кіраваць спартовымі арганізацыямі.

У заяве Беларускага фонду спартыўнай салідарнасьці з гэтай нагоды зазначаецца:

«Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці выказвае вялікую падзяку Аляксандры за праведзеную на працягу амаль двух гадоў працу ў нашым калектыве. Аляксандра з самага пачатку пратэстаў у Беларусі дапамагала сумленным спартсмэнам, а пра працу BSSF даведаліся ва ўсім сьвеце.

За час яе працы ў калектыве BSSF нам разам удалося дабіцца нямала посьпехаў: мы змаглі адмяніць або перанесьці найбуйнейшыя спартыўныя спаборніцтвы з Беларусі з-за парушэньня правоў чалавека, пачалі вялікае судовае разьбіральніцтва з УЕФА, матэрыяльна падтрымалі дзясяткі спартсмэнаў, рэпрэсаваных за сваю грамадзянскую пазыцыю, а таксама аказалі і працягваем аказваць гуманітарную дапамогу ўкраінскаму народу.

У пэрыяд працы ў фондзе алімпійская прызёрка падвергнулася беспрэцэдэнтнаму ціску і кампаніі хлусьні з боку так званых дзяржаўных мэдыя. З гонарам вытрымала ўсе выпрабаваньні, у чарговы раз прадэманстраваўшы бязьмежную волю да перамогі і высокія чалавечыя каштоўнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх і расейскіх тэнісістаў не дапусьцяць да Ўімбэлданскага турніру — аднаго з найпрэстыжнейшых у сьвеце
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпрэсаваныя беларускія спартоўцы сустрэліся з намесьніцай дзяржсакратара ЗША: «Захапляюся вашай адвагай»