Людзі могуць быць больш і менш уражлівыя да чужога болю, альбо нават зусім нячулыя да яго, тлумачыць псыхатэрапэўтка Яна (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы). Некаторыя людзі, з асабліва разьвітай эмпатыяй, могуць адчуваць літаральна фізычнае атручэньне жорсткімі навінамі, боль у страўніку, млосьць і нават боль у сэрцы.
«Калі мы кажам пра эмпатычных асобаў, з добра разьвітай сыстэмай люстраных нэйронаў, яркім вобразным мысьленьнем, якія здольныя перажываць зьнешнія падзеі ўсім целам і душою, то менавіта іх псыхіка будзе выдаваць нам прыкметы такога ж узроўню стрэсу, як у непасрэдных удзельнікаў драматычных падзей. Існуе нават спэцыяльны тэрмін для вызначэньня такога стану чалавека — „траўма сьведкі“. Асоба, якая ўспрымае дрэнныя навіны на слых альбо праз манітор, назірае абставіны гвалту на ўласныя вочы, патрабуе амаль такой жа псыхалягічнай дапамогі, як і ахвяра. Яе арганізм атрымлівае той жа кактэйль са стрэсавых гармонаў і нейрамэдыятараў, што і ахвяра, толькі без фізычных пашкоджаньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ты зьедзеш, я памру». Як перажыць расстаньне з тымі, хто зьяжджаеУ такіх выпадках можа быць меншы ўзровень картызолу, адрэналіну ды норадрэналіну, чым у непасрэднай ахвяры, але дастатковы, каб выклікаць парушэньне функцый унутраных органаў, кажа псыхатэрапэўтка.
«Да таго ж дзеяньне стрэсавых гармонаў мае назапашвальны эфэкт — арганізм, не пасьпеўшы аднавіцца, атрымлівае дадатковую порцыю разбуральных рэчываў. Чалавек ня можа нармальна спаць, есьці, адчувае бясконцую фонавую трывогу, палохаецца гукаў, больш гучных ці рэзкіх, чым звычайна, жыве і працуе з большым напружаньнем, чым звычайна, цярпіць імунная сыстэма, вяртаюцца старыя хваробы ды ўзьнікаюць новыя».
«Здаровая чалавечая рэакцыя на стрэс — сумеснае перажываньне болю альбо злосьці»
Яна адзначае, што чалавек са здаровай псыхікай ня будзе мець жаданьня пастаянна праглядаць відэа і фота са сцэнамі гвалту, калі яны выклікаюць жах, боль, абразу. Наадварот людзі стараюцца пазьбягаць падобнага кантэнту.
«Бясконца назіраць за сцэнамі гвалту і забойстваў любяць людзі з парушанай псыхікай альбо з генэтычнымі пашкоджаньнямі дафамінавай сыстэмы — хоць якія пачуцьці для іх больш прывабныя, чым аніякія, яны адчуваюць пэўнае ўзбуджэньне ад шок-кантэнту. Але такія асобы даволі рэдкія, іх ня больш за 2% насельніцтва. У большай часткі людзей працуюць ахоўныя мэханізмы псыхікі — пазьбяганьне, адмаўленьне, выцісканьне, расшчапленьне, дысацыяцыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я з табой. Я бачу, як табе страшна. Я цябе абараню». Псыхоляг пра тое, як размаўляць зь дзецьмі пра вайнуТакія мэханізмы асабліва моцна працуюць у абставінах, дзе чалавек ня мае магчымасьці паўплываць на падзеі, кажа псыхатэрапэўтка.
«Калі ж да вайны вы былі «нармальным» чалавекам, а потым зьнянацку пачалі бясконца пераглядаць кадры марадэрстваў/забойстваў, такая зьмена сьведчыць аб псыхічнай траўме. Вы быццам ня можаце паверыць у рэальнасьць жудасных падзей, просіце кагосьці быць сьведкам вашай адэкватнасьці. Але ж відавочна, што вам патрэбна прафэсійная дапамога, каб перапрацаваць уразьлівую для вас інфармацыю і пачуцьці, зь ёю зьвязаныя.
Бывае, нам трэба падзяліцца сваім болем з блізкімі, але мы баімся нашкодзіць ім.
«Тут варта спытаць дазволу на тое, каб расказаць пра драматычныя падзеі, варта пацікавіцца іх эмацыйным станам, падзяліцца хутчэй сваімі пачуцьцямі, чым падрабязнасьцямі падзей. Гэта здаровая чалавечая рэакцыя на стрэс — гуртаваньне, сумеснае перажываньне болю альбо злосьці».
«Калі адбываецца несправядлівасьць, чалавеку моцнага духу невыносна маўчаць»
Яшчэ мы пастаянна хочам скроліць стужку навін, бо гэта стварае ілюзію кантролю, кажа псыхатэрапэўтка.
«Так, нам падаецца, што мы можам падрыхтавацца да цяжкіх ці блізкіх да нас падзей: „папярэджаны — амаль узброены“. Нібыта трывога падобная да гатоўнасьці дзейнічаць. Але мы ня можам адсачыць той момант, калі пастаянная трывога ператвараецца ў выгараньне эмацыйнае і фізычнае, пасьля якога мы ўжо няздольныя дзейнічаць зусім, адчуваем толькі разгубленасьць і стомленасьць. Важна, што любая інфармацыя, якая даходзіць, — гэта пад’ём узроўню дафаміну, узбуджэньне, адчуваньне жыцьця да той пары, пакуль рэцэптары нэрвовай тканкі здольныя ўспрымаць гэты стымул. Але парог успрымальнасьці павышаецца з кожнай гадзінай, а ўзровень узбуджэньня падае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яна сказала: «Вы мне ня дзеці». Як беларускія сем’і сварацца праз вайну ва Ўкраіне і што рабіць, каб ня стаць адзін аднаму ворагаміЗ часам пачынаецца «тупняк», кажа псыхатэрапэўтка, скролінг страчвае сэнс.
«Арганізму патрэбны адпачынак. Дафамін — хімічны стымулятар, пры бясконцым і бескантрольным павышэньні яго ўзроўню звыш фізіялягічнай нормы ён дзейнічае як наркотык, парушае нэйрамэдыятарны абмен, вымушае нас успрымаць рэчаіснасьць у ненатуральным, пашкоджаным сьвятле — адбываецца страта кантакту з рэальнасьцю. Мы забываемся на тое, што было для нас важна да таго, як мы пачалі скроліць стужку навін, — сон, ежа, здароўе, абавязкі. Наступствы для арганізму таксама дрэнныя. Бясконцыя стымулы зьнішчаюць наш рэсурс, мы апынаемся ў стане дэфіцыту і апатыі, дзе „канцавы прыпынак“ — дэпрэсія».
Спыніць скролінг навін, адзначае Яна, можна толькі напружаньнем волі: жорстка абмежаваць сваю прысутнасьць у сацыяльных сетках і парталах навін да 20 хвілін раніцай і 10–15 хвілін увечары, напрыклад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зноў яна гэтую лухту пра Ўкраіну нам казала!». Што беларускім дзецям гавораць пра вайну ў школеКалі мы рэпосьцім шмат кепскіх навін, мы рэалізуем злосьць і абурэньне на жахлівыя падзеі, тлумачыць псыхоляг.
«Актыўная грамадзянская пазыцыя — нешта „правільнае“ ў разуменьні большасьці з нас. Тут важна ўзважыць уласныя сілы і знайсьці балянс паміж бясьпекай, эмацыйнай у тым ліку, і голасам сумленьня зь яго маральнымі каштоўнасьцямі. Калі адбываецца несправядлівасьць, чалавеку моцнага духу невыносна маўчаць, узьнікае імпульс „біць ва ўсе званы“, унутранае ўзбуджэньне патрабуе выхаду, актыўнай дзейнасьці. Такім чынам мы рэалізуем сваю злосьць і абурэньне на жахлівыя падзеі. А таксама надаём сэнс уласнаму існаваньню ў неспакойны час».
Ёсьць і адваротная рэакцыя на небясьпечныя абставіны, жудасныя навіны — схавацца «з галавой пад коўдру».
«Некаторыя людзі адчуваюць сябе нямоглымі ахвярамі, паралізаванымі навінамі. Гэта адна з нармальных біялягічных рэакцый цела і псыхікі на стрэс — „бі, бяжы, замры“. Выбар рэакцыі абумоўлены ранейшым досьведам чалавека — „баец“ ці „ахвяра“, — і базавым узроўнем энэргіі ў момант небясьпекі. Абраць рэакцыю загадзя нельга, гэта рэфлекс. Можна зьмяніць свае пачуцьці наконт уласных дзеяньняў, пасьля таго як небясьпечны момант мінуў, калі вы адчуваеце сорам ці віну, альбо падоўжаны страх і трывогу. Абсалютна любыя вашыя пачуцьці (злосьць, страх, жах, жаль) — нармальная рэакцыя на ненармальныя абставіны жыцьця».
«Клапаціцца аб трываласьці вашай псыхікі — ваш уласны абавязак»
Яна дзеліцца сваім досьведам «правільнага» чытаньня навін.
«Я ўражлівы чалавек, да таго ж схільны да кантролю і абавязьлівы. Мне важна ведаць, што адбываецца навокал, але ж важна і захаваць працаздольнасьць у эмацыйным і кагнітыўным пляне, захаваць сваю ўстойлівасьць побач з усхваляванымі альбо разгубленымі людзьмі. Добра разумеючы свае асаблівасьці, я чытаю навіны толькі загалоўкамі. У нас зь сябрамі і роднымі ёсьць дамоўленасьць — хто за якімі крыніцамі інфармацыі сочыць, і потым кожны пераказвае астатнім толькі істотныя падзеі, пажадана без крывавых падрабязнасьцяў, толькі факты і лічбы».
Здараецца, блізкія вельмі хочуць падзяліцца навінамі, не ўсьведамляючы, што для нас гэта можа быць траўматычна.
«Перад тым як нешта абмяркоўваць, варта ўпэўніцца, што вашыя родныя і сябры ведаюць пра вашу ўзбуджальнасьць і ўражлівасьць. Трэба папярэдзіць іх аб наступствах іх жаданьня. Потым дадаткова папрасіць іх не рабіць гэтага, не абмяркоўваць з вамі цяжкія навіны. Калі яны, нягледзячы на вашу просьбу, працягваюць парушаць вашыя эмацыйныя межы, вы маеце права спыніць размову без дадатковых тлумачэньняў і проста пакінуць небясьпечнае для вас асяродзьдзе. Клапаціцца аб трываласьці вашай псыхікі — ваш уласны абавязак. Ня варта адчуваць няёмкасьць, патрабуючы ад блізкіх павагі да вашых пачуцьцяў і межаў», — раіць псыхоляг.
«Калі вы адчуваеце віну пасьля чытаньня навін, паспрабуйце замяніць яе на шкадаваньне»
Падчас чытаньня навін у некаторых людзей можа пачацца паніка.
«Стан панікі пасьля чытаньня навін звычайна выдаюць дзеці і падлеткі праз абмежаваны досьвед і адсутнасьць спосабаў спраўляцца зь нестабільным эмацыйным станам. Таксама траўматычная рэакцыя на навіны можа быць у людзей, якія раней былі ахвярамі гвалту альбо сьведкамі злачынстваў. Як можна дапамагчы: цёплая коўдра і гарбата; „раскажы мне, што здарылася, што цябе так уразіла“; „спачуваю, разумею цябе“; „давай дамовімся, што ты ня будзеш чытаць навіны ў адзіноце, будзем рабіць гэта разам“. У апошнім пункце важна выказаць падтрымку. Найбольш верагодна, што чалавек і сам будзе пазьбягаць чытаньня навін, атрымаўшы такую балючую рэакцыю ад арганізму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш за ўсё людзям цяпер патрэбная вызначанасьць». Тры гісторыі пра беларусак, якія дапамагаюць у часы вайныКалі побач нікога няма, а вы ўжо ўсхваляваліся чытаньнем навін, пастарайцеся адключыцца думкамі ад трывожнай інфармацыі, раіць Яна.
«Памыйце посуд, згатуйце ежу, пераключыце сваю ўвагу на простыя побытавыя рэчы. Альбо выйдзіце на двор ці балькон, дыхайце сьвежым паветрам. Абдыміце сябе за плечы, пагладзьце сябе ці папляскайце далонямі па ўсёй паверхні цела, дзе зможаце дастаць. Гэтыя простыя дзеяньні дапамогуць вам адчуць больш моцы ў целе, а псыхіку захаваць больш устойлівай».
Пазбавіцца спустошанасьці пасьля цяжкіх навін дапамогуць блізкія людзі, кажа псыхатэрапэўтка.
«Дапамогуць людзі, адносіны зь якімі надаюць сэнс вашаму жыцьцю — каханыя, дзеці, бацькі, сябры, зь якімі вы можаце падзяліцца пачуцьцямі альбо проста адчуць сябе патрэбнымі ім. Калі вы адчуваеце віну пасьля чытаньня навін, паспрабуйце зьмяніць яе на шкадаваньне: мне вельмі шкада, што зараз адбываецца тое, што адбываецца. Я зрабіў што мог на сваім месцы, каб гэта не адбылося, ці што мог, каб дапамагчы людзям, якія трапілі ў небясьпечнае становішча. Аднак жа ёсьць абставіны, на якія я паўплываць не магу, мае сілы і магчымасьці абмежаваныя. Разам зь сябрамі мы робім усё магчымае ў нашых умовах і будзем рабіць далей».
Парады псыхатэрапэўткі, як зьменшыць траўмаваньне ад навін:
- Выдзеліце сабе час на прагляд навін, напрыклад, 15–20 хвілін ранкам і ўвечары.
- Дзяліцеся сваімі пачуцьцямі з блізкімі.
- Папярэджвайце сяброў і родных пра вашую ўражлівасьць, перад тым як абмяркоўваць цяжкія навіны.
- Калі вы моцна ўсхваляваліся навінамі, адцягніце ўвагу на побытавыя рэчы, пагладзьце сябе, абдыміце за плечы ці папляскайце па ўсёй паверхні цела.
- Замяніце пачуцьцё віны ад таго, што вы не можаце паўплываць на падзеі, на шкадаваньне ад таго, што гэтыя падзеі адбываюцца.