Украінская выведка сьцьвярджае, што апублікавала дакумэнты аб падрыхтоўцы расейскага ўварваньня ў Беларусь у 2020 годзе

Расейская тэхніка на вучэньнях у Беларусі, люты 2022 году

Дакумэнты датычаць 1-й танкавай арміі Расеі. Пацьвердзіць або зьняпраўдзіць іх аўтэнтычнасьць пакуль немагчыма.

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны апублікавала 13 старонак дакумэнту, пад якім стаяць прозьвішчы начальніка штабу і начальніка апэратыўнага аддзелу 1-й танкавай арміі Расеі. Подпісаў пад дакумэнтам няма.

Дакумэнт датычыць падзеяў у Беларусі ў 2020 годзе, калі пасьля фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў ішлі масавыя пратэсты, і сьведчыць пра магчымасьць уварваньня на тэрыторыю Беларусі расейскага войска для здушэньня пратэстаў.

Апэрацыя нібыта плянавалася пад выглядам вучэньняў, каб унікнуць уцягваньня Расеі «на эўрапейскім кантынэнтальным рэгіёне ў рэгіянальную або шырокамаштабную вайну з краінамі — чальцамі NATO на Захадзе».

Дакумэнт названы «Легендай аб задуме перагрупоўкі аб’яднаньняў і вайсковых частак 1 танкавай арміі ў раён выкананьня задачы».

У дакумэнце апісваюцца палітычная і вайсковая сытуацыі пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі і магчымая рэакцыя, калі Лукашэнка запросіць вайсковую дапамогу для здушэньня пратэстаў, абароны інфраструктуры і іншага.

Вядома, што Расея ў 2020 годзе трымала рэзэрвы байцоў «Расгвардыі» ля межаў Беларусі на запыт Аляксандра Лукашэнкі, але афіцыйна ён залучаны ня быў. Інфармацыі пра тое, што Лукашэнка прасіў Расею ўвесьці войскі ў Беларусь у 2020 годзе, не было.

Падчас пратэстаў 2020 году армія Расеі ўдзельнічала ў шматлікіх вайсковых вучэньнях на тэрыторыі заходняй Беларусі, паблізу межаў Польшчы і Літвы.