19 красавіка стала вядома, што ў судзе Савецкага раёну Менску 10 студзеня на пяць гадоў калёніі за перавышэньне службовых паўнамоцтваў (ч. 2 арт. 426 Крымінальнага кодэксу) асудзілі нядаўняга намесьніка генэральнага дырэктара БелТА па ідэалягічнай працы Сяргея Адзярыху.
Прысуд вынес судзьдзя Аляксандар Воўк, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Роўна два гады таму ў гэты дзень былога чыноўніка асабіста ўзнагародзіў Лукашэнка за «высокі прафэсіяналізм і значны асабісты ўнёсак у разьвіцьцё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі».
Цяпер Адзярыха асуджаны за перадачу прадстаўніку «Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва» і тэлеграм-каналу «Нік і Майк» службовай інфармацыі, якая была ў ягоным распараджэньні. Матыў — «уніканьне люстрацыі пасьля зьмены ўлады».
Адзярыха 15 сакавіка абскардзіў вырак у апэляцыйным парадку ў Менскім гарадскім судзе. Ён меркаваў, што прысуд «незаконны і неабгрунтаваны», а прызначанае пакараньне «відавочна несправядлівае з прычыны строгасьці». Але скаргу былога чыноўніка судовая калегія пакінула без задавальненьня, а прысуд — без зьмены. Згодна з тэрмінамі, Адзярыху мусілі этапаваць у калонію, аднак праваабаронцам пакуль невядома, у якую.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ці маем мы права замаўчаць, бо баімся перасьледу?». Як Вікіпэдыя і вікіпэдысты сталі ворагамі беларускага рэжыму ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктарка БелТА адрэагавала на масавыя забойствы ў Бучы: «Гэта фэйк, але эмоцыі застануцца»