Тры пацярпелыя знаходзяцца ў рэанімацыі, мэдыкі змагаюцца за іх жыцьцё.
«Хворыя, на жаль, паступілі ў дастаткова цяжкім стане. Адразу некалькіх пачалі апэрыраваць. Гэта множныя траўмы, пачынаючы з пятак, заканчваючы галавой», — расказаў лекар Андрэй Такарскі.
Сярод параненых наймалодшаму пацыенту бальніцы — тры гады. У дзіцяці траўма пальца рукі. Хлопчык з мамай — перасяленцы з Харкава.
«У нас адзін пакой, і ён быў блізка да акна. Гэта адна сэкунда і ўжо гарэў суседні дом. Мы пабеглі ў сховішча. Ня думала, што такая рана, крычаў, што пальчык, апрацавала і калі ўбачыла, выклікала хуткую. Ня думала, што праеду праз усю краіну з Харкава і тут такое», — кажа Ангеліна, мама параненага хлопчыка.
Па словах лекараў, дзіця чакае некалькі апэрацый. Выбуховай хваляй востры прадмет зрэзаў часьціцу пальца.
18 красавіка па Львове Расея нанесла чатыры ракетныя ўдары з Касьпійскага рэгіёну, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Максім Казіцкі. Гэта былі крылатыя ракеты паветранага базіраваньня.
«Па Львове нанесеныя чатыры трапленьні, тры — у складзкія памяшканьні, якія на дадзены момант ваенныя не выкарыстоўвалі, а таксама адно трапленьне ракеты па станцыі тэхабслугоўваньня аўтамабіляў. Барбарскі ўдар па станцыі тэхабслугоўваньня, абсалютна грамадзянскі аб’ект. Раніцай людзі прышлі на працу, на жаль, такая трагедыя. Магчыма, гэта мэтанакіраваныя ўдары па грамадзянскіх абʼектах», — кажа Максім Казіцкі.
Ня выключана, што пад заваламі яшчэ могуць быць людзі. Таксама пацярпелі восем жылых дамоў, дзе часткова разьбілася шкло. Ракетным ударам па станцыі тэхнічнага абслугоўваньня зьнішчана 40 аўтамабіляў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У акупаваным расейцамі Генічаску ўсталявалі помнік Леніну