Сутыкненьні каля мячэту Аль-Акса ў Ерусаліме: 17 параненых

Сутыкненьні каля мячэту Аль-Акса ў 2021-м годзе, Ерусалім

Ізраільская паліцыя ў нядзелю ўвайшла на тэрыторыю мячэту Аль-Акса ў Старым горадзе Ерусаліма, каб забясьпечыць дарогу габрэйскім наведвальнікам да сьвятога месца, што выклікала сутыкненьні.

У выніку сутычак 17 палестынцаў параненыя, паведамляюць палестынскія мэдыцынскія работнікі, на якіх спасылаецца Голас Амэрыкі.

Хваляваньні адбыліся ўсяго праз два дні пасьля сутыкненьняў на тым жа месцы. Гвалт у Ерусаліме паміж ізраільскімі сіламі бясьпекі і палестынскімі дэманстрантамі год таму перарос у 11-дзённую вайну ў Газе.

Комплекс на вяршыні пагорка, дзе знаходзіцца мячэт, зьяўляецца трэцім сьвятым месцам у ісламе, у той час як гэта самае сьвятое месца для габрэяў, якія называюць яго Храмавай гарой. Праз гэта часта адбываюцца спрэчкі і сутыкненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыя палестынска-ізральскага канфлікту. Тлумачым у 10 пунктах

Сёлета сьвяты для мусульман месяц Рамадан, хрысьціянскі сьвяты тыдзень, кульмінацыяй якой зьяўляецца Велікодная нядзеля, і тыднёвы габрэйскі Пэсах адбываюцца адначасова, і дзясяткі тысяч наведвальнікаў прыбылі ў Ерусалім пасьля таго, як абмежаваньні з-за каранавірусу былі ў асноўным зьнятыя.

Ізраільская паліцыя абвінаваціла арабскіх жыхароў у «апаганьваньні» сьвятога месца, у той час як палестынскія чыноўнікі абвінавацілі Ізраіль у спробах падзяліць сьвятое месца.

«Тое, што адбылося ў мячэту Аль-Акса, — небясьпечная эскаляцыя, наступствы якой павінен несьці толькі ізраільскі ўрад», — сказаў Набіль Абу Рдэнэх, прэс-сакратар кіраўніка Палестынскай аўтаноміі Махмуда Абаса.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак: «Няхай мір настане для пакутлівай Украіны, якая так моцна пацярпела ад гвалту і спусташэньня»

Паліцыя адціснула палестынцаў з шырокай эсплянады ля самага мячэту ранкам у нядзелю, у той час як дзясяткі палестынцаў заставаліся ў будынку, скандуючы «Бог найвялікшы». На відэа, апублікаваным паліцыяй, відаць, як невялікія групы маладых людзей кідаюць камяні, а таксама запускаюць фэервэркі знутры мячэту.

Мэдыкі сказалі, што пяць чалавек, якія ехалі ў аўтобусах, атрымалі дапамогу пасьля лёгкіх траўмаў у выніку сутычак.

Сутыкненьні на Храмавай гары адбываюцца пэрыядычна і не заўсёды зьвязаныя са сьвятамі, важнымі для розных канфэсій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ерусаліме адбыліся сутыкненьні на Храмавай гары. Паліцыя выкарыстала гумовыя кулі