Саўка ды Грышка пра расейскі ваенны карабель

Героі Лявона Вольскага ўражаныя гібельлю расейскага карабля.

14 красавіка Міністэрства абароны Расеі прызнала, што крэйсэр «Масква» затануў. Але прычынай крушэньня свайго флягмана ў Расеі назвалі пажар, які стаў вынікам дэтанацыі боепрыпасаў. Украінскія вайскоўцы і палітыкі кажуць, што расейскі крэйсэр быў зьнішчаны найноўшай распрацоўкай кіеўскіх канструктараў — крылатай ракетай «Нэптун».

Саўка:

Грусьць в душэ і на серцэ таска.
Той карабль называўся Масква.
Быў он сімвалам мошчы Русі.
Мол, пашчады ты ў нас не прасі!

Грышка:

Ён ішоў між заток і лагун,
Як пагроза ўсяму, што жыве,
Але тут раззлаваўся Нэптун
І маланку шпурнуў па «Маскве».

Разам:

Масква —
У гэтым гуку шмат —
Масква —
Нягодаў, гора, страт.
Масква
Ляжыць на дне марскім
І не паб’ецца ўжо ні з кім.

Саўка:

Очэнь жаль карабля, очэнь жаль!
Грусьць в душэ і на серцэ пячаль.
Он быў, в сушчнасьці, непабядзім,
Как жэ так палучылася зь ім?

Грышка:

Маскалі не чакаюць бяды.
Ім здаецца: Масква — назаўжды.
Але тут прылятае бяда,
І «Маскву» паглынае вада.