Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон «Аб спэцыяльных рашэньнях па супрацьдзеяньні падтрымкі агрэсіі ва Ўкраіне і гарантаваньню нацыянальнай бясьпекі», які прадугледжвае санкцыі супраць замежнікаў, што падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне і рэпрэсіі ў Беларусі і Расеі.
Закон прыняты з мэтай эфэктыўнай рэалізацыі ў Польшчы санкцый Эўразьвязу, а таксама дае магчымасьць Польшчы фармаваць уласныя санкцыйныя сьпісы асобаў і арганізацый, чые сродкі і актывы могуць быць замарожаныя.
У сьпіс могуць уключыць «асобаў, якія прама або ўскосна падтрымліваюць агрэсію Расеі супраць Украіны, распачатую 24 лютага 2022 году, або сур’ёзнае парушэньне правоў чалавека, або прыгнечаньне грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных пазыцый, або дзейнасьць якіх уяўляе сабой іншую сурʼёзную пагрозу дэмакратыі або вяршэнству закону ў РФ ці ў Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анджэй Дуда падпісаў папраўкі ў закон аб дапамозе беларусам у ПольшчыСанкцыі таксама могуць распаўсюджвацца на фізычных і юрыдычных асобаў, непасрэдна зьвязаных з тымі, хто трапіў пад санкцыі, асабістымі, арганізацыйнымі, эканамічнымі або фінансавымі сувязямі. Пры рашэньні будуць улічвацца характар дзейнасьці гэтых асобаў, структура іх капіталу, таксама будуць брацца пад увагу меркаваньні нацыянальнай бясьпекі.
Патрапяць у сьпіс і тыя, хто не выконвае санкцыі або спрабуе іх абыходзіць, ім можа пагражаць штраф да 20 млн злотых (больш за 4,5 млн даляраў). Юрыдычныя асобы, якія трапілі ў санкцыйны сьпіс, ня змогуць удзельнічаць у дзяржаўных закупках.
Органам, упаўнаважаным кантраляваць напаўненьне санкцыйнага сьпісу, будзе МУС Польшчы.
Таксама законам забараняецца ўвоз у Польшчу або транзыт па яе тэрыторыі вугалю і коксу расейскага ці беларускага паходжаньня. Парушальнікам таксама пагражае штраф да 20 млн. злотых. Закон ужо набыў сілу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: Польшча, Латвія, Літва і Эстонія пачынаюць працэс транспартнай ізаляцыі Беларусі і Расеі