Што вядома пра затрыманых на Гомельшчыне за фота і відэа расейскай вайсковай тэхнікі

Расейская вайсковая тэхніка ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Супраць тых, хто дасылаў фота і відэа ў тэлеграм-каналы «Беларускі Гаюн», Nexta, «Беларусь галаўнога мозгу», завялі крымінальныя справы паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), затрыманым пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Паводле Сьледчага камітэту, у Гомельскай вобласьці завялі сем крымінальных спраў за перадачу тэлеграм-каналам зьвестак аб перамяшчэньні ў Беларусі вайсковай тэхнікі Расейскай Фэдэрацыі.

«Вясна» расказвае, што вядома пра затрыманых і крымінальныя справы супраць іх.

Дыджытал-мастак скінуў фота расейскай вайсковай тэхнікі «Беларускаму Гаюну»

Сьледчы камітэт паведамляе аб затрыманьні 31-гадовага творчага работніка, які «накіроўваў антываенным каналам фатаздымкі і відэафайлы аб руху транспартных сродкаў вайсковага прызначэньня».

Па інфармацыі «Вясны», дыджытал-мастака Віктара Кулінку затрымалі 30 сакавіка. На праўладных телеграм-каналах зьявілася відэа, дзе ён расказвае, што сфатаграфаваў калёну вайсковай тэхнікі расейскіх войскаў, якая накіроўвалася ў бок Гомля. Паводле яго, фота ён перадаў у телеграм-канал «Беларускі Гаюн» (16 сакавіка яго прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем).
Паводле папярэдняй інфармацыі, Віктару інкрымінуецца арт. 361-4 і арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) за рэгістрацыю ў пляне «Перамога», якую сілавікі нібыта выявілі ў тэлефоне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Гомельшчыне затрымалі сем чалавек за фота і відэа расейскай вайсковай тэхнікі

Маці непаўналетняга дзіцяці адправіла Nexta відэа зь верталётамі

У Сьледчым камітэце паведамілі, што абвінавачаньне ў садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці выставілі 28-гадовай маці непаўналетняга дзіцяці з Мазыра. Паводле вэрсіі абвінавачваньня, яна «зьняла відэа зь перамяшчэньнем верталётаў для ангажаванага дэструктыўнага рэсурсу».

У гэты момант жанчына знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Гомля. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пад апісаньне падыходзіць Ганна Пышнік (Чымпаеш). Яе затрымалі за адпраўку відэа ў Nexta.

Былая настаўніца з Хойнікаў скінула відэа «Беларускаму Гаюну»

49-гадовую былую настаўніцу з Хойнікаў Ірыну Абдукерыну затрымалі раніцай 5 красавіка на лецішчы. Падставай для затрыманьня стала нібыта тое, што жанчына запісала на відэа перамяшчэньне калёны расейскай вайсковай тэхнікі і пераслала відэа ў телеграм-канал «Беларускі Гаюн». Пра гэта гаворыцца ў «пакаянным» відэа зь ёй.

Прытым у гэтым самым відэа было пазначана, што Ірыну звольнілі з навучальнай установы ў 2020 годзе, хоць папраўдзе яна звольнілася адтуль па сваім жаданьні яшчэ ў 2016-м.

10 красавіка жанчыне выставілі абвінавачаньне адразу па двух артыкулах КК: 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) і 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Цяпер Ірына знаходзіцца ў Гомельскім СІЗА. Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы, падчас утрыманьня ў Хойніцкім ІЧУ паўсталі вялікія праблемы з перадачай для Ірыны. Ні ў чацьвер, ні ў пятніцу неабходныя прадметы Ірыне не перадалі. У нядзелю начальнік ізалятара часовага ўтрыманьня таксама адмовіўся прымаць перадачу для затрыманай.

Жыхар Гомля даслаў у «Беларусь галаўнога мозгу» відэа тэхнікі на вакзале

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі 43-гадовага жыхара Гомля Алега Барадзіна 1 красавіка. Як мяркуецца, цяпер менавіта пра яго і паведамляе СК. Прычына — мужчына зьняў на вакзале абласнога цэнтру відэа з вайсковай тэхнікай і адправіў «экстрэмісцкаму тэлеграм-каналу».

«Пакаяннае» відэа зь ім зьявілася на праўладных телеграм-каналах.

«Зрабіў відэа на вакзале Гомля з вайскоўцамі Расейскай Фэдэрацыі і скінуў гэта відэа ў чат-бот канала «Беларусь галаўнога мозгу», — кажа на відэа мужчына.

Таксама фігурантам крымінальнай справы паводле арт. 361-4 КК стаў непаўналетні навучэнец прафэсійнага ліцэю. Паведамляецца, што ўраджэнец Мазыра скінуў у «экстрэмісцкі» канал відэа зь перамяшчэньнем вайсковай тэхнікі. Ён узяты пад варту. Прозьвішча і месцазнаходжаньне хлопца пакуль невядомыя.

У паведамленьні СК адзначаецца, што ў рамках ч. 1 арт. 361-4 КК затрымалі 37-гадовага гомельскага таксіста і жыхара Гомля ва ўзросьце 30 гадоў. Іхныя прозьвішчы і месцазнаходжаньне таксама высьвятляюцца.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.