У Беларусі даражэюць паслугі электрасувязі і пошты. У Менску вырас тарыф на праезд у транспарце

Ілюстрацыйнае фота

За апошнія паўтара месяца ў Беларусі таксама павялічыліся цэны на многія харчовыя тавары.

У Беларусі павысяць цэны на паслугі электрасувязі і пошты.

Адпаведную пастанову прынялі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ), паведамляе прэс-служба ведамства.

У выніку вырастуць тарыфы на паслугі электрасувязі агульнага карыстаньня:

  • абанэмэнтная плата за асноўны тэлефон у месяц для фізычных асоб — на 14 капеек;
  • пачасовая плата за мясцовыя тэлефонныя злучэньні для фізычных асоб — на 0,0003 капейкі за хвіліну;
  • пачасовая плата за міжгароднія тэлефонныя злучэньні для фізычных асоб — на 0,0008 капейкі за хвіліну.

Перасылка простай паштовай карткі, лістоў, бандэролі вагой да 20 грамаў падаражэе на 2 капейкі для фізычных і юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў.

«Рашэньне аб пераглядзе тарыфаў прынята ў рамках заплянаванага павышэньня рэгуляваных цэн і тарыфаў у 2022 годзе ў мэтах забесьпячэньня кампэнсацыі апэратарам электра- і паштовай сувязі эканамічна абгрунтаваных затрат пры аказаньні гэтых паслуг», — адзначылі ў ведамстве.

Апошні раз гэтыя тарыфы мяняліся ў сьнежні 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі рэкордная месячная інфляцыя за 10 гадоў. Улады павысілі мінімальны заробак

У Менску падвышаюць цану праезду ў гарадзкім і прыгарадным грамадзкім транспарце. Падаражаньне прадугледжана рашэньнямі Менгарвыканкаму.

Цана праезду ў гарадзкім наземным транспарце вырасьце да 85 капеек за адну паездку, а ў мэтро — да 90 капеек (прыбаўка ў абодвух выпадках складзе 10 капеек). Квіток за адну паездку ў экспрэс-аўтобусе таксама падаражэе на 10 капеек — да 1 рубля.

Раней пачаў даражэць праезд у рэгіёнах: кошт талёнаў таксама ўзьнялі на 10 капеек.

У Менску таксама паднімуць гранічныя максымальныя тарыфы на прыгарадныя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах за адзін кілямэтар праезду. Напрыклад, на звычайных маршрутах тарыф вырасьце да 0,1 рубля (цяпер — 0,09 рубля).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфляцыя, забарона на вываз харчу. Эканамічныя наступствы вайны ва Ўкраіне для Беларусі