Беларуска ўпершыню ў гісторыі стала «Эўрапейцам году». Раней узнагароду атрымлівалі палітыкі і Грэта Тунбэрг

Леся Руднік

Кожны год у Швэцыі выбіраюць «Эўрапейца году». Узнагароду заснавала асацыяцыя «Швэдзкі эўрапейскі рух». Яна ўручае прэмію зьвязаным са Швэцыяй людзям, якія зрабілі свой унёсак у супрацоўніцтва паміж народамі Эўропы для ўмацаваньня свабоды і міру.

Як піша zerkalo. io, упершыню «Эўрапейцам году» стала беларуска. Сёлета ўзнагароду вырашылі ўручыць 27-гадовай гарадзенцы Лесі Руднік, якая цяпер жыве ў Швэцыі.

На сайце «Швэдзкага эўрапейскага руху» гаворыцца, што, абраўшы сёлета пераможцам беларуску, асацыяцыя «хоча намінаваць усіх тых, хто змагаецца за дэмакратычную Беларусь».

«Прысуджаючы прэмію Алесі Руднік, мы хочам прыцягнуць увагу да тых, хто змагаецца за дэмакратыю ва Ўсходняй Эўропе. У канчатковым выніку гэтая барацьба тычыцца ўсіх нас і абароны ўсёй дэмакратычнай Эўропы. Мы спадзяёмся, што прызнаньне працы Алесі і беларускай дыяспары можа даць больш надзеі і прызнаньня ўсім тым, хто працуе ў імя свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Гэта асабліва актуальна ў той час, калі краіна часта асацыюецца з вайной Расеі супраць Украіны», — патлумачыла асацыяцыя свой выбар.

Леся — старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларусы Швэцыі», яна актыўна ўдзельнічае ў дэбатах і дэманстрацыях, а таксама праводзіць уласныя дасьледаваньні як дактарант Карлстадзкага ўнівэрсытэту. Дасьледаваньні Лесі Руднік сканцэнтраваныя на палітыцы ў аўтакратыях і яе ўплыве на дэмакратызацыю, у тым ліку палітычную мабілізацыю праз плятформы сацыяльных сетак.

«Калі шчыра, ня верыла, што мяне абяруць. Беларусы агулам жа сьціплы народ»

Для Лесі прысуджэньне прэміі стала нечаканасьцю. Прэтэндэнтаў зьбіралі з 3 лютага да 6 сакавіка. Беларуска кажа, да гэтага часу ня ў курсе, хто яе намінаваў.

— Журы такую інфармацыю не раскрывае. Але яны агучылі, што гэта зрабілі адразу некалькі чалавек, — расказвае Леся. — Далей члены журы ацэньвалі ўжо самі па нейкіх невядомых мне крытэрах. Пра намінацыю я даведалася недзе ў канцы сакавіка. І калі мяне абралі, вельмі зьдзівілася, бо ведала, якія людзі атрымлівалі гэтую прэмію да мяне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы Швэцыі зладзілі пікет супраць назвы «Беларасея». ФОТА

Сярод уладальнікаў прэміі — вядомыя швэдзкія палітыкі, актывісты, пісьменьнікі, музыкі, навукоўцы. Напрыклад, у свой час «Эўрапейцамі году» станавіліся музыка і кампазытар Ульф Лундэл, пісьменьнік Тэадор Каліфатыдэс, псыхоляг Рычард Шварц, актывістка Грэта Тунбэрг, палітыкі Аніта Градзін, Ганна Лінд, Карл Більд і іншыя.

Кожны год у журы намінацыі ўваходзяць розныя людзі. У гэтым годзе былі сябры праўленьня самой асацыяцыі, а таксама прадстаўнікі розных швэдзкіх і эўрапейскіх арганізацый.

— Я, калі шчыра, ня верыла, што мяне абяруць. Беларусы ў цэлым жа сьціплы народ, які не заўсёды верыць у сваю перамогу. Думала, што мая намінацыя — гэта проста сымбалічны жэст у падтрымку Беларусі, — кажа Леся Руднік. — За тры дні да абвяшчэньня вынікаў мне патэлефанавалі і сказалі, што я перамагла. І што ўзнагароджаньне пройдзе 9 траўня. Гэтая інфармацыя мяне не пераканала. Я падумала, што я нешта ня так зразумела на швэдзкай мове. Увогуле, да афіцыйнай аб’явы, якая была 12 красавіка, мне ва ўсё гэта ня верылася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль ня пішуць пра палітвязьняў, Ціханоўская — самы бачны лідэр, Беларусь замест «Белай Расеі». Як мяняўся вобраз Беларусі ў замежных СМІ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як адраджае сваю мову краіна, дзе такая ж бяда, як у Беларусі