У калёнцы Financial Times ён прапануе калегам адкладаць або ігнараваць кожную зьдзелку або кантракт, якія падтрымліваюць ваеннае ўварваньне або расейскую прапаганду.
«Я ведаю, што некаторыя з вас вераць таму, што вам гавораць Крэмль і яго СМІ. Але вы разумныя — і вы ведзяце бізнэс, добра інфармаваныя. Шукайце расейскія незалежныя СМІ або міжнародныя навіны ў Інтэрнэце, на YouTube або праз Telegram. Паглядзіце на эканамічныя дадзеныя», — піша Паноў.
Канфлікт, на ягоную думку, разбуральны для эканомікі і рэпутацыі Расеі. Кіраўнікі, якія падтрымліваюць уварваньне ва Ўкраіну, будуць саўдзельнікамі ваенных злачынстваў Масквы.
У сваёй калёнцы Паноў таксама апісвае 5 сакавіка — дзень, калі ён адлятаў з Расеі. Паводле ягоных словаў, пры перасячэньні мяжы яго ўпершыню выклікалі на размову ў асобны пакой. Пасьля таго як экс-намесьнік гендырэктара «Аэрафлёту» паказаў квіткі і сказаў, што ляціць усяго на тры дні, яго адпусьцілі.
Цяпер Андрэй Паноў у Ізраілі. Раней у інтэрвію Wall Street Journal ён заявіў, што больш немагчыма працаваць у дзяржаўнай кампаніі, Расея моцна зьмянілася за тыдзень пасьля пачатку вайны.
- 4 красавіка 2022 г. у Дзярждуму быў унесены законапраект аб крымінальным пакараньні за выкананьне замежных санкцый на тэрыторыі Расеі. У выпадку прыняцьця дакумэнту парушальнікам будзе пагражаць пазбаўленьне волі на тэрмін да дзесяці гадоў. Крымінальная справа можа быць узбуджаная за адмову працаваць з расейскімі кампаніямі і банкамі, якія падпалі пад заходнія абмежавальныя меры.