Зь Беларусі забаранілі вывозіць цукар, соль, алей, бо людзі нібыта масава вязуць тавары ў ЭЗ

Ілюстрацыйная выява

Урад Беларусі, як піша Белта, увёў абмежаваньні на вываз зь Беларусі асобных відаў харчовых тавараў. Нельга вывезьці больш за 1 кг наступных тавараў:
  • мукі (грачанай, пшанічнай)
  • асобных відаў круп (грачанай, рысавай, маннай, аўсянай, аўсяных шматкоў, проса)
  • цукру
  • солі
  • макаронных вырабаў
  • алею расьліннага
  • кансэрваў мясных, малочных і рыбных (за выключэньнем кансэрваў для дзіцячага харчаваньня) — да 3 бляшанак

Абмежаваньне не распаўсюджваецца на тавары, набытыя ў крамах бязмытнага гандлю, разьмешчаных у пунктах пропуску празь дзяржаўную мяжу Беларусі. Пры гэтым прадугледжаная магчымасьць вывазу такіх тавараў без абмежаваньняў у выпадках, вызначаных аблвыканкамамі.

Пастанова, як сьцьвярджае ўрад, прынятая ў мэтах абароны ўнутранага рынку ў сувязі з павышаным попытам у прыгранічных раёнах на бакалейныя тавары, якія фізычныя асобы набываюць камэрцыйнымі партыямі для вывазу за межы Рэспублікі Беларусь. Урад мае на ўвазе краіны Эўразьвязу, бо Расея, як і Беларусь, — часткі Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, дзе абмежаваньні ня дзейнічаюць, а з Украінай мяжа замкнёная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю не працуюць. Менск: з Украіны ў Беларусь едуць людзі