Большасьць зь іх удзельнікаў улады перасьледуюць у адміністрацыйным парадку, але супраць некаторых заводзяць крымінальныя справы, удакладняюць праваабаронцы.
«Беларусаў кідаюць за краты за запуск балёнікаў, адзеньне і сымболіку ў блакітна-жоўтых колерах, за кветкі каля ўкраінскай амбасады і за гукавы сыгнал падчас мітынгу», — зазначаюць яны.
Самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй краіне прайшлі 27 і 28 лютага. За два дні ў Беларусі было затрымана больш за 1,1 тысячы чалавек, пры гэтым за кратамі з іх апынуліся як найменей 630.
Акцыі адбываліся не толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Вядома аб пратэстах у 27 гарадах.
Таксама праваабаронцы падсумавалі наяўную інфармацыю аб затрыманьні «рэйкавых партызан», якія спрабуюць перашкодзіць руху цягнікоў з расейскай ваеннай тэхнікай па тэрыторыі Беларусі. Ім вядома аб масавых затрыманьнях з гэтай нагоды ў Баранавічах (Брэсцкая вобласьць) і Стоўбцах (Менская вобласьць).
- 24 лютага Расея пачала вайну супраць Украіны. Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час беларуская тэрыторыя выкарыстоўваецца расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне. Акрамя таго, узятыя ў палон расейскія салдаты прызналі ўварваньне ва Ўкраіну зь Беларусі.
- ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хлёрка і пярцовы газ. Праваабаронцы сабралі сьведчаньні пра катаваньні асуджаных за антываенныя пратэсты