Судовы працэс над каардынатаркай валянтэрскай службы «Вясны» Марфай Рабковай, валянтэрам Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязьнямі пачнецца 25 красавіка ў Менскім гарадзкім судзе. Справу будзе разглядаць судзьдзя Сяргей Хрыпач.
Марфа Рабкова была затрыманая ў Менску 17 верасьня 2020 году, калі вярталася з уручэньня прэстыжнай прэміі Яна Карскага. Увесь гэты час яна за кратамі.
Як сказаў беларускай службе «Польскага радыё» муж Марфы Вадзім Жаромскі, з жонкай у яго па-ранейшаму няма спатканьняў, а здароўе Марфы надалей пагаршаецца.
«Спатканьне было адзін раз за паўтара года, больш спатканьняў не было. Праблем са здароўем у Марфы шмат. Крышацца зубы, піша ў лістах, што стараецца есьці максымальна асьцярожна, каб цалкам не разваліліся зубы, адпаведны і настрой. У яе павялічаныя лімфавузлы, у зьняволеньні некалькі разоў хварэла на COVID-19, відавочна ідуць запаленчыя працэсы, ад таго і лімфавузлы. Выявілі вадкасьць у малым тазе, гэта таксама сьведчыць пра запаленчыя працэсы. Са шчытападобнай залозай праблемы. Шмат праблем у яе са здароўем, але вылечыць гэта ўсё можна будзе толькі на свабодзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фігурантаў, 10 крымінальных артыкулаў, да 15 гадоў турмы. Што вядома пра справу «Рэвалюцыйнага дзеяньня», якую перадалі ў судПершапачаткова суд аб’яўлены адкрытым. Але Вадзім Жаромскі гаворыць, што аптымістычных прагнозаў няма.
«Адкрытым суд будзе максымум 5-10 хвілін, затым працэс закрыюць, гэта 100%. Настройваем сябе на ня вельмі добры вынік, ілюзій ня маем».
Ліставаньне нестабільнае. Ёсьць пэрыяды, калі нават ад маці лісты Марфе не аддавалі.
Марфе Рабковай пагражае да 20 гадоў турмы па тых артыкулах, якія ёй выставілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адлічана з ВНУ праз палітыку, ляўрэатка міжнароднай прэміі. 10 фактаў пра праваабаронцу Марфу Рабкову, якой пагражае да 20 гадоў за кратаміУ чым абвінавачваюць Марфу Рабкову:
- Арганізацыя масавых беспарадкаў. Падрыхтоўка і наўмыснае стварэньне ўмоў да ўдзелу ў масавых беспарадках. Навучаньне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, а таксама фінансаваньне або іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці
- Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак
- Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі або глябальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт
- Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня
- Кіраваньне злачыннай арганізацыяй
- Распальваньне сацыяльнай варожасьці групай асобаў
- Злоснае хуліганства
- Асабліва злоснае хуліганства
- Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці
- Наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне чужой маёмасьці, учыненае арганізаванай групай
- Незаконныя дзеяньні ў адносінах да прадметаў, паражальнае дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў, учыненае групай асобаў