Відэахостынг YouTube заблякаваў акаўнт каналу «Дума ТБ», які асьвятляе працу Дзяржаўнай думы Расейскай Фэдэрацыі.
«Ваш рахунак заблякаваны без магчымасьці аднаўленьня ў адпаведнасьці з нашымі правіламі ў дачыненьні да адмежаваньня экспарту і прымяненьня санкцый», — гаворыцца ў паведамленьні YouTube, якое апублікавалі аўтары «Дума ТБ».
Канал пазыцыянуе сябе як парлямэнцкае тэлебачаньне. На ім публікаваліся камэнтары дэпутатаў, трансьляцыі паседжаньняў Дзярждумы і аўтарскія праграмы. Як сьцьвярджаецца, на канал былі падпісаныя 145 тысяч карыстальнікаў, а агульная колькасьць праглядаў відэа перавышала 100 мільёнаў.
Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава, камэнтуючы дзеяньні YouTube у сваім тэлеграм-канале, заклікала рыхтавацца да блякаваньня відэахостынгу ў Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На частотах Euronews у Расеі цяпер вяшчае тэлеканал «Соловьёв. Live»«Мяркуючы па ўсім, YouTube сабе прысуд падпісаў. Захоўвайце кантэнт, пераносьце на расейскія плятформы. І хутчэй», — заявіла Захарава.
Раскамнагляд запатрабаваў аднавіць доступ да каналу Дзярждумы, заявіў, што блякаваньне «Дума ТБ» «перашкаджае распаўсюджваньню інфармацыі і свабоднаму доступу да яе» і што «амэрыканская ІТ-кампанія прытрымліваецца ярка выяўленай антырасейскай пазыцыі ў інфармацыйнай вайне, разьвязанай Захадам супраць Расеі».
У сакавіку 2022 году Google абвясьціў аб неадкладным блякаваньні Youtube-каналаў расейскіх прапагандысцкіх СМІ RT і Sputnik, «Россия сегодня», РБК і іншых каналаў у Эўропе. Раскамнагляд абвінаваціў YouTube у цэнзуры і заклікаў Google неадкладна спыніць абмежаваньні. 18 сакавіка «РИА Новости» са спасылкай на крыніцы паведаміла, што ў Расеі на працягу тыдня могуць заблякаваць YouTube, але гэтага не адбылося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На тэрыторыі Расеі заблякавалі Instagram ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі абмежавалі доступ да інтэрнэт-сэрвісу News.Google ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія СМІ ў Расеі сутыкнуліся з абмежаваньнямі пасьля пачатку вайны з Украінай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: VPN-сэрвісы дадуць бясплатны доступ да заблякаваных у Расеі выданьняў