Расейскае МЗС абвясьціла пэрсонамі non grata 45 супрацоўнікаў амбасады Польшчы ў Маскве і генконсульстваў у Іркуцку, Калінінградзе і Санкт-Пецярбургу
Яны павінны пакінуць Расею не пазьней за 13 красавіка.
Як паведамляе ведамства, 8 красавіка амбасадар Польшчы Кшыштаф Краеўскі быў выкліканы ў расейскае МЗС, дзе яму быў выказаны «рашучы пратэст» у сувязі з абвяшчэньнем пэрсонамі non grata 45 расейскіх дыпляматаў у Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За два дні пасьля Бучы з краінаў ЭЗ выслалі больш за 200 расейскіх дыпляматаў. Агулам іх ужо 325 ад пачатку вайны«Амбасадару заяўлена, што расцэньваем такі крок як пацьвярджэньне сьвядомага імкненьня Варшавы канчаткова разбурыць двухбаковыя адносіны. Адказнасьць за гэта цалкам ляжыць на польскім баку», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС РФ.
- 23 сакавіка польская контравыведка склала сьпіс з 45 расейскіх дыпляматаў, западозраных у шпіянажы, і параіла выслаць іх з краіны. Пасьля чаго МЗС Польшчы ўручыла амбасадару Расеі Сяргею Андрэеву ноту аб высылцы 45 дыпляматаў.
- 22 сакавіка ў сацыяльных сетках распаўсюдзіліся фота- і відэазапісы дыму над расейскай амбасадай у Варшаве, што магло азначаць маштабнае спальваньне службовых дакумэнтаў. Такое можа адбывацца перад значным скарачэньнем ці закрыцьцём дыпляматычнай місіі.