Паводле Мінабароны Расеі, ніякіх агнявых задач 8 красавіка ў Краматорску ў расейскіх узброеных сілаў ня было і не плянавалася.
«Асабліва падкрэсьлім — тактычныя ракеты „Точка-У“, абломкі якой выявілі ў раёне чыгуначнага вакзалу Краматорску і апублікавалі відавочцы, ужываюцца толькі ўкраінскімі ўзброенымі сіламі», — гаворыцца ў заяве Мінаброны, якую распаўсюдзіла дзяржаўнае агенцтва «РИА Новости».
У лютым 2022 году дзяржаўнае беларускае агенцтва «БелТА» апублікавала фатаздымак зь беларуска-расейскіх вучэньняў «Саюзная рашучасьць» у Гомельскай вобласьці, на якім відаць момант запуску ракет з комплексаў «Точка-У». Здымак датаваны 15 лютага.
Паводле зьвестак украінскага боку і незалежных вайсковых экспэртаў, Расея для ракетных абстрэлаў Украіны з тэрыторыі Беларусі найчасьцей выкарыстоўвала крылатыя ракеты «Калібр», запушчаныя з самалётаў, а таксама ракеты з комплексаў «Точка-У» яшчэ савецкай вытворчасьці і сучасных расейскіх комплексаў «Іскандэр».
Беларускае войска мае савецкія комплексы «Точка». Але далёкасьць іх стральбы да 120 кілямэтраў.
Яшчэ 7 сакавіка група расьсьледнікаў Conflict Intelligence Team паведаміла, што Расея пачала выкарыстоўваць апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Точка-У». Раней іх у расейскім войску замянялі «Іскандэрамі».
А 5 сакавіка актывісты праекту «МотолькоПомоги» паведамілі аб зьяўленьні расейскіх комплексаў «Точка-У» на тэрыторыі Беларусі. Паводле іх зьвестак, каля 30 пускавых установак выехалі з аэрадрома Мачулішчы пад Менскам, а пасьля былі заўважаныя пад Бабруйскам, адкуль маглі выехаць на Мазыр або Рэчыцу на поўдні Гомельскай вобласьці каля мяжы з Украінай.
Украінскія журналісты зьвярнулі таксама ўвагу, што ў пабліках прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе пасьля ўдару па Краматорску зьявілася інфармацыя пра пасьпяховы ўдар па пазыцыях украінскіх вайскоўцаў у горадзе.
Але пасьля таго, як стала вядома пра ахвяры сярод мірных жыхароў, гэтыя допісы зьніклі.
Таксама дарадца Мінабароны Ўкраіны Антон Герашчанка апублікаваў у сваім тэлеграме відэа, на якім, як сьцьвярджаецца, зафіксаваны момант перавозкі ракет «Точка-У» расейскай арміяй у Беларусі.
Ад ракетнага абстрэлу ў Краматорску загінула сама меней 39 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ракетны абстрэл вакзалу ў Краматорску: загінулі ня менш за 39 грамадзян і звыш 100 атрымалі раненьні. ФОТА