Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн паабяцаў пашырыць узаемадзеяньне з «адказнымі краінамі» ва ўсім сьвеце з мэтай ізаляваць Расею на міжнароднай арэне і прыцягнуць яе да адказу за меркаваныя ваенныя злачынствы. «Пуцінская вайна ўжо ператварыла Расею ў міжнароднага ізгоя», — падкрэсьліў прэзыдэнт ЗША ў пісьмовай заяве, паведамляе «Голас Амэрыкі».
«Мы будзем працягваць працаваць з адказнымі краінамі ва ўсім сьвеце з тым, каб сабраць доказы і прыцягнуць Расею да адказнасьці за зробленыя злачынствы, — каб узмацніць ціск на расейскую эканоміку і ізаляваць Расею на міжнароднай арэне», — адзначыў Байдэн.
Ён сказаў, што фота- і відэасьведчаньні, якія паступаюць з Бучы і іншых украінскіх населеных пунктаў па меры адыходу расейскіх войскаў, «усяляюць жах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расстрэльвалі, а потым па целах езьдзілі на танках». Мэр Ірпяня расказаў пра злачынствы расейскіх войскаў у горадзе«Вось чаму краіны ўсіх рэгіёнаў асуджаюць нічым не справакаваную і жорсткую агрэсію Расеі супраць Украіны і падтрымліваюць мужных украінцаў у іхнай барацьбе за свабоду», — падкрэсьліў прэзыдэнт ЗША. Між тым дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен паведаміў, што краіны Захаду вывучаюць магчымасьць пашырэньня намэнклятуры ўзбраеньняў, якія пастаўляюцца Ўкраіне ў рамках дапамогі.
Пра гэта ён заявіў у чацьвер на прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі.
«Мы не дазволім нічому перашкодзіць украінцам атрымліваць тое, што ім неабходна і што, на наш погляд, можа быць эфэктыўным. Так што цяпер мы глядзім па ўсіх кірунках, гэта тычыцца ня толькі таго, што мы далі і працягваем даваць, але і таго, ці ёсьць дадатковыя сыстэмы, якія маглі б зьмяніць сытуацыю, якія мы можам ім даць. Мы робім гэта падчас цесных кансультацый з украінцамі, а таксама з нашымі саюзьнікамі і партнэрамі», — сказаў Блінкен.
«З дня ў дзень мы глядзім на тое, што, з нашага пункту гледжаньня, ім патрэбна больш за ўсё, уключаючы новыя сыстэмы, якія да гэтага часу не пастаўляліся», — дадаў кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі.
«Мы выслухоўваем іх ацэнкі таго, што ім неабходна, — адзначыў Блінкен. — Мы зьбіраем усё гэта разам і ідзём далей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон раскрыў, колькі і якой зброі ЗША перадалі ЎкраінеСтаршыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў Узброеных сіл ЗША генэрал Марк Мілі са свайго боку адзначыў, што краіны Захаду на чале з ЗША ўжо перадалі Украіне да гэтага часу каля 60 тысяч супрацьтанкавых сыстэм і 25 тысяч пераносных зэнітна-ракетных комплексаў.
«Яны надзвычай удзячныя за 60 тысяч супрацьтанкавых сыстэм і прыкладна 25 тысяч супрацьпаветраных сыстэм, якія былі адпраўлены Злучанымі Штатамі, а таксама нашымі саюзьнікамі і партнэрамі», — заявіў Мілі ў Камітэце па справах Узброеных сіл Сэнату ЗША.
Між тым міністры замежных спраў «Вялікай сямёркі» выказалі «шчырую салідарнасьць з украінскім народам і... найглыбейшыя спачуваньні сем’ям ахвяр гэтай вайны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат ЗША пазбавіў Расею і Беларусь статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі і ўхваліў забарону на імпарт расейскіх энэрганосьбітаўУ сумеснай заяве міністры выказалі «непахісную падтрымку Ўкраіне ў яе міжнародна прызнаных межах і гатоўнасьць дапамагаць ёй і далей, у тым ліку пастаўкі вайсковай тэхнікі, абсталяваньня і фінансавых сродкаў для таго, каб Украіна магла абараніць сябе ад расейскай агрэсіі».
Сябры «Вялікай сямёркі» абавязаліся аказваць усебаковую дапамогу і неабходнае фінансаваньне міжнародным арганізацыям, якія праводзяць збор рэчавых доказаў і поўнамаштабнае расьсьледаваньне ўсіх ваенных злачынстваў, учыненых расейскім бокам на ўкраінскай зямлі, з мэтай прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці ўсіх вінаватых, у тым ліку прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, названага ў дакумэнце «дапаможнікам» Крамля.
Краіны G7 зноў запатрабавалі ад Масквы неадкладна спыніць ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне, выконваць усе міжнародныя нормы, якія датычацца зброі масавага паражэньня, і даць міжнародным арганізацыям гуманітарныя калідоры для аказаньня дапамогі мірнаму насельніцтву Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У барацьбе з Пуціным Сэнат ЗША аднагалосна ўхваліў праграму, якая некалі дапамагла перамагчы Гітлера