У інтэрвію Анджэй Дуда паставіў пад сумненьне карыснасьць дыпляматычных намаганьняў з Расеяй на гэтым этапе вайны ва Ўкраіне. Ён сказаў, што ня быў зьдзіўлены крытыцы прэм’ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага на гэтым тыдні ў адрас прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, калі Маравецкі сказаў: «Ці вялі б вы перамовы з Гітлерам?» — піша CNN. Паводле Дуды, дыялёг з Расеяй ня мае сэнсу.
«Трэба паставіць Уладзіміру Пуціну вельмі жорсткія ўмовы. Трэба сказаць: „Пакуль вы ня выканаеце гэтыя ўмовы, нам няма пра што гаварыць“. Мы зьбіраемся рашуча аказваць падтрымку Ўкраіне, узмацняць рэжым санкцый, таму што, калі вы ведзяце дыялёг, які нічога не дасягае, дык гэта толькі гульня, каб выйграць час з боку Расеі», — падкрэсьліў польскі прэзыдэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія ўлады патрабуюць саміту ЭЗ з нагоды «бойні ў Бучы» і настойваюць на забесьпячэньні Ўкраіны зброяйДуда заклікаў да дадатковых санкцый супраць РФ і яе энэргетычнага сэктару.
«Рэжым санкцый трэба ўзмацніць. У мяне ў гэтым няма ніякіх сумненьняў», — падкрэсьліў палітык. — Аднак гэта вельмі складаная задача. Лепш за ўсё было б заблякаваць Расею ад продажу яе сыравіны: газу, але ў першую чаргу ад нафты».
Паводле Дуды, Польшча першапачаткова была супраць стварэньня газаправодаў паміж Расеяй і Нямеччынай. Ён сказаў, што гэта былі «палітычныя праекты», прызначаныя для абыходу Польшчы, Украіны і краінаў Балтыі.
Дуда заклікаў дэмантаваць новы газаправод «Паўночны паток – 2».
«Расея шантажуе ня толькі Нямеччыну, цяпер яна шантажуе фактычна ўсю Эўропу», — падкрэсьліў польскі прэзыдэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік ураду Польшчы: «Палітыка Нямеччыны прывяла да сілы Расеі, якая вынікае зь яе манаполіі на пастаўку сыравіны» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Нямеччыны прызнаў палітычныя памылкі ў дачыненьні да Расеі