Цяпер у Сешчы базуюцца вайсковыя верталёты, зьнішчальнікі, самалёты Ан-124 і Іл-76. Пра гэта сьведчыць спадарожнікавы здымак за 6 красавіка, даступны праекту ўкраінскай службы Радыё Свабода «Схемы».
У аэрапорце можна ўбачыць, у прыватнасьці, 19 зьнішчальнікаў, ня менш за 20 вайсковых верталётаў. А таксама вайскова-транспартныя самалёты Ан-124 і Іл-76, якія там пастаянна базуюцца.
Раней тэлеграм-канал «Беларускі гаюн» паведамляў, што ад 3 красавіка з аэрапорту Мачулішчы пад Менскам у бок Сешчы вылецелі некаторыя расейскія верталёты Мі-8, Мі-26 і Ка-52.
Гэтыя верталёты сапраўды можна было ўбачыць на спадарожнікавым здымку аэрапорту Мачулішчы 28 сакавіка.
Аэрадром Сешча стаў прадметам расьсьледаваньня журналістаў «Схем». Да поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну гэты аэрадром служыў у асноўным для транспартных самалётаў Іл-76 і Ан-124-100. Прыкладна за месяц да вайны на ім пачалі зьяўляцца бамбавікі і зьнішчальнікі.