Кампутарная кампанія Intel прыпыняе працу ў Расеі

Адзін з найбуйнейшых вытворцаў мікрачыпаў і кампутарнай тэхнікі, амэрыканская кампанія Intel, абвясьціла аб поўным прыпыненьні сваёй дзейнасьці на расейскім рынку праз вайну ва Ўкраіне.

«Intel, як і ўся сусьветная супольнасьць, асуджае вайну Расеі супраць Украіны і заклікае да найхутчэйшага аднаўленьня міру. Мы падтрымліваем усіх, каго закранула гэтая вайна — асабліва жыхароў Украіны і суседніх краінаў, а таксама ўсіх, у каго ў гэтым рэгіёне знаходзяцца сем’і, сябры і блізкія», — гаворыцца ў заяве кампаніі.

У Intel дадалі, што прыкладаюць усе намаганьні, каб падтрымаць усіх супрацоўнікаў — у тым ліку і 1200 чалавек, якія працуюць у расейскім падразьдзяленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абвясьцілі пра новыя санкцыі супраць найбуйнейшых банкаў, інвэстыцый у Расею і расейскіх эліт

Праз уварваньне Расеі ва Ўкраіну аб спыненьні або прыпыненьні працы ў РФ заявілі сотні кампаніяў, сярод якіх такія вытворцы кампутарнай тэхнікі, як Apple, IBM, Dell Technologies і Microsoft.