Ён расказаў «Мэдыязоне», чаму без абвяшчэньня ваеннага становішча і ў адсутнасьць пісьмовага загаду за такую адмову немагчыма завесьці крымінальную справу, але можна звольніць са службы — так і адбываецца
- Каля 60 пскоўскіх дэсантнікаў адмовіліся ад удзелу ў ваенных дзеяньнях ва Ўкраіне, паведаміла 6 красавіка выданьне «Псковская губерния» са спасылкай на свае крыніцы. Некаторым зь іх, паводле зьвестак СМІ, пагражаюць крымінальнымі справамі.
- На пачатку лютага камандзір узводу апэратыўнай роты АМАП «Пластун» Фарыд Чытаў і 11 яго падначаленых праходзілі вучэньні «Заслон — 2022» у Крыме, а 25 лютага камандаваньне прапанавала ім адправіцца ва Ўкраіну. Нацгвардзейцы адказалі, што гэта незаконна. Тады іх вярнулі ў Краснадар, а пасьля службовай праверкі звольнілі. Усе амапаўцы падалі пазовы аб незаконным звальненьні, але пазьней дзевяць зь іх адклікалі скаргі.
- 12 сакавіка ўкраінскае выданьне «Грати» напісала, што ваяваць адмовіліся каля 80 расейскіх вайскоўцаў тэрміновай службы і кантрактнікаў зь ліку марскіх пехацінцаў — яны трапілі ў зону баявых дзеяньняў у Херсонскай вобласьці, частка апынулася пад мінамётным абстрэлам, пасьля чаго многія напісалі рапарты аб адмове ўдзельнічаць у «спэцапэрацыі».
- У канцы сакавіка адмовілася ваяваць частка кантрактнікаў 4-й гвардзейскай вайсковай базы ў Цхінвалі, дзе служаць як расейцы, так і жыхары самаабвешчанай Паўднёвай Асэтыі. Каля 300 чалавек вярнуліся ў рэспубліку з Украіны.
- 4 красавіка стала вядома, што яшчэ на пачатку вайны ўдзельнічаць у баях адмовіліся 11 амапаўцаў з Хакасіі — яны таксама былі на вучэньнях на захадзе Расеі і ў Беларусі, з амуніцыі ў іх былі толькі прылады для здушэньня пратэстаў — шчыты і дубінкі, пры гэтым яны трапілі пад абстрэл зь цяжкага ўзбраеньня. Сямёра былі параненыя, адзін прапаў бязь вестак, сьцьвярджае мясцовае выданьне «Новы Фокус».
Чым пагражаюць такія адмовы, ці могуць вайскоўцы і супрацоўнікі Расгвардыі трапіць пад звальненьне або крымінальную справу? «Медыязона» вырашыла абмеркаваць гэта з Максімам Грабенюком, аўтарам пабліка «Военный омбудсмен», які кансультуе тых, хто ня хоча ваяваць.
Адмоўнікі. «Зрабіў выснову, што асабовы склад адпраўляюць на пэўную гібель»
З пачатку вайны паступіла каля 40 зваротаў, адвакат кансультуе вайскоўцаў праз тэлефон ці ў чатах. Усе, хто зьвяртаецца, ня хочуць удзельнічаць ва ўварваньні ва Ўкраіну, але асьцерагаюцца звальненьня або крымінальнага перасьледу.
Той, хто ня хоча ехаць ва Ўкраіну, павінен напісаць аб гэтым рапарт. Грабянюк ведае ад сваіх былых калегаў, што ў кабінэтах пракурораў і сьледчых у прымежных рэгіёнах сабралася «маса рапартаў адмоўнікаў».
«Пракуроры і сьледчыя ня ведаюць, што рабіць зь імі, — кажа Грабянюк. — Справы распачынаць нельга, не накіроўваць матэрыялы нікуды — таксама нельга, таму яны нічога і ня робяць. Толькі ўдзельнічаюць у запалохваньні вайскоўцаў — калі не паедзеш, то распачнём справу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Група расейскага АМАПу адмовілася ваяваць ва Ўкраіне і цяпер судзіцца за аднаўленьне на працыНапрыклад, адзін з вайскоўцаў піша, што за некалькі дзён да пачатку вайны стаў выконваць задачы ў складзе групы супрацоўнікаў ФСБ у якасьці кіроўцы аўтамабіля «Ўрал». Празь некалькі тыдняў ён некалькі разоў трапіў пад артылерыйскі абстрэл, а яшчэ праз тыдзень кіраўнік групы прапанаваў салдату перасунуцца яшчэ далей «у небясьпечны раён». Кіроўца адказаў адмовай, адзначыўшы ў рапарце, што лічыць немэтазгодным сваё знаходжаньне ў новай дысьлякацыі «з мэтай захаваньня сабе жыцьця і здароўя».
Іншы вайсковец — таксама кіроўца — у рапарце паведаміў, што за некалькі дзён да вайны быў адпраўлены ў камандзіроўку «для выкананьня спэцыяльных задач», стаў трапляць пад абстрэлы, «бачыў страты вайсковай тэхнікі і асабовага складу», з чаго «зрабіў выснову аб тым, што асабовы склад адпраўляюць на пярэдні край баявых дзеяньняў, на пэўную гібель».
Празь некалькі тыдняў ён зьвярнуўся да камандзіра і сказаў, што свой удзел лічыць «немэтазгодным», «вяртацца пасьля адступленьня на пярэдні край не жадае».
«Туды нярэдка заяжджаюць на тэнтаваных „Уралах“, пакрытых брызэнтам, і кулі, груба кажучы, сьвісталі па салёне, па кузаве, — камэнтуе Грабянюк. — І вайскоўцы, якія ўжо мелі досьвед у Чачэнскай рэспубліцы, якія, ну, не сказаць, што баязьліўцы там нейкія, многія разумеюць, што так нельга проста — ніхто не падпісваўся пад тое, каб быць мясам. Таму вельмі шмат хто адмаўляецца».
Справы за адмову ваяваць не заводзяць, усім пагражаюць звальненьнямі
У расейскім Крымінальным кодэксе для вайскоўцаў ёсьць цэлыя 22 артыкулы, яны ўтвараюць разьдзел 33 КК — злачынствы супраць вайсковай службы. Але да перасьледу за адмову ваяваць з Украінай можна аднесьці толькі адзін зь іх, лічыць Грабянюк, — артыкул 332 КК, «невыкананьне загаду, якое прычыніла істотную шкоду інтарэсам службы».
Да гэтага часу ніводная справа па гэтым артыкуле распачатая пасьля 24 лютага не была, ведае былы пракурор ад сваіх калегаў: «Праблема ў тым, што загадаў аб удзеле ў баявых дзеяньнях на замежнай тэрыторыі не існуе, бо ў нас ня ўведзенае ваеннае становішча. Вайскоўцаў проста ставяць перад фактам — едзем туды, адкрываем агонь там. Іх думку — гатовыя яны ці не гатовыя — пытаюцца толькі на стадыі ўкамплектаваньня. Тым, хто кажа, што гатовы, даюць загад. А той, хто не гатовы — ён загаду гэтага не атрымлівае наогул».
Акрамя гэтага, адзначае адвакат, артыкул прадугледжвае, што невыкананьне загаду нанесла «істотную шкоду інтарэсам службы», а даказаць гэта ў адсутнасьць ваеннага становішча немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: ва Ўкраіне загінулі 11 генэралаў і палкоўнікаў Расеі. Масква маўчыць, але рэгіянальныя СМІ РФ пацьвярджаюць сьмерціГрабянюк канстатуе, што калі, нягледзячы на запалохваньні крымінальнай справай, «вайсковец праяўляе цьвёрдасьць, яго хуценька звальняюць па невыкананьні ўмоў кантракту». У адной з расейскіх частак пасьля такой адмовы камандаваньне Расгвардыі азнаёміла каля 500 вайскоўцаў з праектам загаду аб звальненьні.
Адвакат лічыць, што больш сумленна было б, калі б у Расеі ўсё ж увялі ваеннае становішча. «Тады ўсё было б пасьлядоўна — дзейнічаюць законы ваеннага часу, артыкул за невыкананьне загаду больш жорсткі і больш структураваны, — разважае ён. — А так у нас мірны час, і канструкцыя артыкула не дазваляе прыцягваць за тое, што недзе там за мяжой, падчас нейкай спэцапэрацыі нехта ня выканаў загад, які нават дакумэнтальна ня быў аформлены».