Пэнтагон: частка расейскіх войскаў па-ранейшаму нацэльваецца на Кіеў

Супрацьтанкавыя збудаваньні на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве, 2 сакавіка 2022 году

Кіеў можа заставацца пад пагрозай, бо каля траціны групоўкі расейскіх войскаў, якія дзейнічалі ў Кіеве і Чарнігаве, па-ранейшаму нацэленыя на сталіцу Ўкраіны.

Пра гэта заявіў высокапастаўлены прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША падчас закрытага брыфінгу ў Пэнтагоне 4 красавіка.

Паводле яго, каля 2/3 расейскіх войскаў, сканцэнтраваных вакол Кіева (усяго іх было каля 20 батальённа-тактычных груп. — РС), пакінулі гэты раён. Яны, магчыма, ужо ў Беларусі або па дарозе туды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CIT: Расея перакідае войскі з Кіеўскай вобласьці і рэзэрвы на Данбаскі кірунак

«Гэта не азначае, што Кіеў не знаходзіцца пад пагрозай... І гэта не азначае, што наземнай пагрозы няма. Яны яшчэ маюць добрую траціну сваіх сіл супраць Кіева. Ніхто не сьцьвярджае, што Кіеву нічога не пагражае. Мы бачым доказы таго, што яны мяняюць свой прыярытэт у бок Данбасу, дзе гэта вядзе да вялікай вайны», — сказаў прадстаўнік Пэнтагону.

Што да вайскоўцаў, якія накіроўваюцца ў Беларусь, то ў Міністэрстве абароны ЗША лічаць, што там яны могуць перагрупавацца і вярнуцца ва Ўкраіну.