Пазадарожнікі, бронекамізэлькі, каскі, мэдыкамэнты. BySol расказаў, як беларусы дапамагаюць украінцам у вайне з Расеяй

Андрэй Стрыжак з фонду BySol перакананы, што і ў вайны ва Ўкраіне, і ў грамадзянскага супрацьстаяньня, якое працягваецца ў Беларусі, адзін і той самы замоўца — Крэмль.

Беларусы, якія вымушана пакінулі радзіму празь нязгоду з рэжымам Лукашэнкі і пасьля таго, як на іх пачалі заводзіць справы за пратэсты 2020 году, аднымі зь першых сталі дапамагаць украінцам у вайне з Расеяй, паведамляе «Настоящее время».

Актывісты і валянтэры арганізацыі BySol зьбіраюць грошы і адпраўляюць ва Ўкраіну аўтамабілі-пазадарожнікі (часта толькі яны здольныя праехаць па разьбітых дарогах), бронекамізэлькі, каскі, мэдыкамэнты і іншую неабходную дапамогу.

BySol з 2020 году дапамагае беларусам, якія пакінулі краіну праз палітычныя рэпрэсіі. А месяц таму пачала падтрымліваць таксама ўкраінскіх вайскоўцаў і уцекачоў.

«Бачыце: адна „хуткая дапамога“ і тры эвакуацыйныя джыпы. Яны праз Польшчу заўтра паедуць ва Ўкраіну, — паказвае Вольга, валянтэрка BySol у Вільні. — „Хуткая“ ідзе ў першы добраахвотніцкі шпіталь імя Пірагова, які дзейнічае з 2015 году, і з гэтага ж году беларусы яму дапамагаюць. Туды ўжо былі накіраваныя яшчэ дзьве „хуткія“, і вось зараз яшчэ адна ідзе. А рэзэрваваныя яшчэ дзьве машыны хуткай дапамогі, якія BySol ужо неўзабаве выкупіць».

«Я б спакойна ставіўся да таго нэгатыву, які ёсьць у адносінах да беларусаў з боку ўкраінцаў, — заўважае Андрэй Стрыжак. — Гэта натуральна, гэта, на жаль, тая рэальнасьць, у якой мы жывём, калі ёсьць гэтыя бамбаваньні. Але ўсё мяняецца. Напрыклад, наша арганізацыя цяпер узмоцнена працуе над інфармаваньнем аб тым, што беларусы рэальна робяць для Ўкраіны. Калі гаварыць аб лічбах, то за першы месяц вайны мы ахапілі 4 мільёны ўкраінскіх карыстальнікаў інфармацыяй аб нашых пастаўках, аб дапамозе ўкраінскаму фронту, аб дзейнасьці беларускіх добраахвотнікаў на фронце. І гэта сур’ёзны ўклад».

«Мы павінны дапамагчы, каб украінцы перамаглі»

Дапамогу Ўкраіне надае і літоўская арганізацыя Blue Yellow. Па словах валянтэраў, падтрымку ўкраінскім вайскоўцам і ўцечам прапануюць як арганізацыі, так і звычайныя жыхары Літвы.

«Вось тут бронекамізэлька. Мы яе адкрываем, ставім пласьціны: гэта пярэднія, а ззаду ідзе сьпінная частка. Гэта ўсё пасылаецца для ўкраінскай тэрытарыяльнай абароны, для ўкраінскіх вайскоўцаў», — кажа жыхар Вільні Альгердэс Куляшас, валянтэр Blue Yellow.

Куляшас кажа, што літоўцы актыўна падтрымліваюць Украіну, бо памятаюць савецкае ўварваньне ў сваю краіну ў 1991 годзе.

«Тады нашы людзі таксама выйшлі голымі рукамі супраць расейскіх танкаў, супраць савецкіх танкаў. І мы бачым, што цяпер робіцца ва Ўкраіне, што таксама людзі вялікімі натоўпамі выходзяць і голымі рукамі спыняюць танкі, — кажа Кулешэс. — І мы павінны не стаяць убаку, мы павінны дапамагчы, каб украінцы перамаглі».

«Ключ да зьмены ўлады ў Беларусі ляжыць у тым ліку і ў абароне Кіева»

Андрэй Стрыжак перакананы, што і ў вайны ва Ўкраіне, і ў грамадзянскага супрацьстаяньня, якое працягваецца ў Беларусі, адзін і той самы замоўца — Крэмль.

«Падтрымка Ўкраіны з боку беларусаў сур’ёзная. Мы выдатна разумеем, што ключ да зьмены ўлады ў Беларусі ляжыць у тым ліку і ў абароне Кіева, таму што, чым слабейшая расейская імпэрыя — тым прасьцей будзе ад яе вызваліцца», — лічыць Стрыжак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны сыстэмна забівалі цывільных». Жыхары Бучы расказваюць, як расейскія войскі расстрэльвалі мірных грамадзян. ВІДЭА

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.