Намесьнік прэм’ер-міністра Польшчы і лідэр кіроўнай кансэрватыўнай партыі «Права і справядлівасьць» (ПіС) Яраслаў Качыньскі расказаў нямецкаму выданьню «Welt am Sonntag» пра ўмовы разьмяшчэньня ядзернай зброі ў краіне.
На пытаньне выданьня аб магчымасьці разьмяшчэньня амэрыканскай тактычнай ядзернай зброі на ўсходзе Польшчы, якая ў выпадку крызісу можа быць скінута зьнішчальнікамі краіны ў цеснай каардынацыі з Вашынгтонам, Качыньскі адказаў:
«Калі мая партыя „Права і справядлівасьць“ была яшчэ ў апазыцыі, я неяк абмяркоўваў такую ідэю з амэрыканскімі сэнатарамі. Тады яны думалі, што гэта магчыма. Калі б амэрыканцы папрасілі нас захоўваць амэрыканскую ядзерную зброю ў Польшчы, мы былі б адкрытыя для гэтага. Гэта значна ўзмацніла б стрымліваньне Масквы», — расказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Польшчы: наш саюз з ЗША важны для эфэктыўнасьці NATOЯраслаў Качыньскі патлумачыў, што цяпер гэтае пытаньне нават не абмяркоўваецца, але ў будучыні такая неабходнасьць можа ўзьнікнуць.
«На гэты момант гэтае пытаньне не ўзьнікае, але неўзабаве гэта можа зьмяніцца. Ініцыятыва павінна зыходзіць ад амэрыканцаў. У прынцыпе, аднак, ёсьць сэнс распаўсюдзіць сумеснае выкарыстаньне ядзернай зброі на ўсходні флянг», — сказаў палітык.
Качыньскі выказаўся і за разьмяшчэньне Аб’яднанага камандаваньня войскамі NATO ў Польшчы:
«Гэта дало б Маскве выразны сыгнал аб тым, што кіраўніцтва NATO цяпер прысутнічае і на Ўсходзе. Гэта будзе часткай перамоваў, якія цяпер праходзяць у Паўночнаатлянтычным зьвязе», — адзначыў лідэр ПіС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча плянуе цалкам адмовіцца ад расейскай нафты да канца году, ад вугалю — у красавіку-траўні