«Насамрэч абаронцам Украіны патрэбны найперш тры рэчы: зброя, зброя і зноў зброя», — напісаў Дуда ў Facebook.
Ён дадаў, што «злачынцаў трэба называць злачынцамі, прыцягваць да адказнасьці і судзіць».
Акрамя таго, прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі настойвае на неадкладным скліканьні саміту Эўразьвязу па вайсковых злачынствах Расеі ва Ўкраіне і ўвядзеньні новых санкцый супраць Расеі.
«Злачынствы, учыненыя Расеяй каля 300 жыхароў Бучы і іншых гарадоў за межамі Кіева, трэба называць актамі генацыду і разглядаць як такія. Кожны, хто вінаваты непасрэдна ці ўскосна, павінен быць сурова пакараны міжнародным трыбуналам. Бучанская бойня — гэта больш, чым трывожны званок для Эўропы і сьвету. Гэта страшны крык аб справядлівасьці, свабодзе і праве на жыцьцё; за асноўныя і агульначалавечыя каштоўнасьці. ЭЗ павінен канфіскаваць усе расейскія актывы ў заходніх банках, а таксама актывы расейскіх алігархаў. ЭЗ павінен неадкладна разарваць усе гандлёвыя адносіны з Расеяй. Эўрапейскія грошы павінны перастаць паступаць у Крэмль. Адно трэба ўвесьці супраць злачыннага і ўсё больш таталітарнага рэжыму Пуціна — эфэктыўныя санкцыі», — заявіў Маравецкі ў Facebook.
Польскі прэм’ер таксама заявіў, што Ўкраіна павінна атрымаць больш зброі для абароны жанчын і дзяцей у Марыюпалі, Бучы і многіх іншых месцах.
«Гэта наш палітычны і маральны абавязак. Не выкарыстоўвайце лжывых жэстаў і тактыкі ўхіленьня», — сказаў ён.
Раней старшыня Эўрапейскай рады Шарль Мішэль заявіў, што шакаваны паведамленьнямі аб зьверствах расейскай арміі ў Кіеўскай вобласьці і падкрэсьліў, што Расею чакаюць новыя санкцыі.
Асудзілі бойню ў Бучы і іншыя эўрапейскія лідэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэакцыя сьвету на масавыя забойствы ў Бучы: Кулеба лічыць Расею горшай за ісламістаў, Ціханоўская заклікае зьбіраць доказы злачынстваўПрэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў у Twitter, што выявы з Бучы бачыць «невыносна».
«Расейскім уладам давядзецца адказаць за гэтыя злачынствы», — дадаў Макрон, выказаўшы спачуваньне ахвярам і салідарнасьць з украінцамі.
Міністар замежных спраў Францыі Жан-Іў Ле Дрыян у нядзелю таксама асудзіў тое, што ён назваў «масавым гвалтам, учыненым расейскімі войскамі» ва Ўкраіне ў апошнія тыдні, асабліва ў горадзе Буча.
У заяве Ле Дрыяна адзначаецца, што гэты акт гвалту, магчыма, зьяўляецца ваенным злачынствам і што Францыя будзе супрацоўнічаць з украінскімі ўладамі і Міжнародным крымінальным судом, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца МЗС Нямеччыны пра Бучу: «Нястрыманы гвалт Пуціна ня ведае межаў. Вінаватыя павінны быць пакараныя»