«Павінная быць рэакцыя. Такія злачынствы не павінныя заставацца без адказу», — цытуе Reuters заяву Лямбрэхт грамадзкаму тэлеканалу ARD.
Літва, Латвія і Эстонія ўжо прынялі рашэньне адмовіцца ад імпарту расейскага газу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвінаваціў Расею ва ўчыненьні генацыдуДагэтуль Бэрлін не адгукаўся на заклікі ўвесьці эмбарга на імпарт энэрганосьбітаў з Расеі, заяўляючы, што нямецкая эканоміка і эканоміка іншых эўрапейскіх краінаў занадта залежаць ад іх. Расея забясьпечвае 40% патрэбаў Эўропы ў газе.
Але Лямбрэхт заявіла, што міністры ЭЗ цяпер павінны абмеркаваць забарону.
Міністарка замежных справаў Нямеччыны Анналена Бэрбак сёньня таксама заклікала да ўзмацненьня жорсткасьці санкцыяў супраць Масквы, але не згадала пра энэргетычны сэктар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэакцыя сьвету на масавыя забойствы ў Бучы: Кулеба лічыць Расею горшай за ісламістаў, Ціханоўская заклікае зьбіраць доказы злачынстваўЭЗ ужо некаторы час працуе над дадатковымі санкцыямі, але камісарка па эканоміцы Паола Джэнціл’оні заявіў у суботу, што любыя дадатковыя меры не паўплываюць на энэргетычны сектар.
Украіна заявіла ў суботу, што ўзяла пад поўны кантроль Кіеўскую вобласьць упершыню з моманту ўварваньня Расеі 24 лютага. Мэр Бучы, вызваленага горада ў 37 км на паўночны захад ад сталіцы, заявіў, што 300 жыхароў былі забітыя расейскай арміяй.
Міністэрства абароны Расеі абвергла гэтыя абвінавачаньні, заявіўшы, што кадры і фатаграфіі, на якіх бачныя целы загінулых у Бучы, былі «яшчэ адной правакацыяй» Кіева.
Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц заклікаў у сваёй заяве міжнародныя арганізацыі, такія як Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжу, атрымаць доступ да пацярпелых раёнаў, каб самастойна дакумэнтаваць тое, што ён назваў зьверствамі.
«Я патрабую, каб міжнародныя арганізацыі атрымалі доступ да гэтых тэрыторыяў, каб самастойна дакумэнтаваць зьверствы. Мы павінны нястомна расьсьледаваць злачынствы расейскіх вайскоўцаў і прыцягваць іх да адказнасьці», — напісаў Шольц.