Кіраўніца МЗС Нямеччыны пра Бучу: «Нястрыманы гвалт Пуціна ня ведае межаў. Вінаватыя павінны быць пакараныя»

Адна з ахвяраў у Бучы, 2 красавіка 2022 году

Міністар замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак асудзіла дзеяньні расейскіх вайскоўцаў у Бучы, дзе, паводле зьвестак мясцовых уладаў, пасьля вызваленьня гораду знайшлі сотні загінулых цывільных асоб. Бэрбак падкрэсьліла, што вінаватыя ў ваенных злачынствах павінны быць пакараныя.

«Фота з Бучы невыносныя. Нястрымны гвалт Пуціна зьнішчае невінаватыя сем’і і ня ведае межаў. Вінаватыя ў гэтых ваенных злачынствах павінны быць прыцягнуты да адказнасьці. Мы будзем рабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Расеі і яшчэ больш падтрымліваць Украіну ў яе абароне», — напісала Бэрбак у твітэры.

Перад гэтым міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што наладжаная расейскімі вайскоўцамі «разьня ў Бучы была наўмыснай», і заклікаў да неадкладных новых санкцый супраць Масквы.

Раней прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль заявіў, што шакаваны паведамленьнямі аб зьверствах расейскага войска на Кіеўшчыне, і падкрэсьліў, што Расею чакаюць новыя санкцыі.

Мэр Бучы Анатоль Федарук 2 красавіка паведаміў, што падчас акупацыі гораду расейскімі войскамі было расстраляна каля 300 мясцовых мірных жыхароў. Каля 280 чалавек былі скінутыя ў брацкую магілу, а астатнія пакінутыя на вуліцы.

Фота і відэа з выявай цел распаўсюдзілі ў сацсетках. «Гэта наступствы расейскай акупацыі», — заявіў Федарук.

Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас 2 красавіка заявіла, што яна «шакаваная зьверствамі ў Бучы і іншых гарадах Украіны», і паабяцала, што вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызваленая Буча: вуліцы заваленыя целамі цывільных жыхароў. «Шакаваная зьверствамі ў гарадах Украіны», — міністар замежных спраў Брытаніі

Раней Міжнародны крымінальны суд пачаў расьсьледаваньне верагодных ваенных злачынстваў, учыненых расейскімі войскамі ва Ўкраіне.

Human Rights Watch у сваім дакладзе заявіла таксама аб некалькіх абвінавачваньнях у згвалтаваньнях, двух выпадках пакараньня сьмерцю сямі ахвяр і іншых прыкладах пагроз і гвалту супраць цывільнага насельніцтва.

«Выпадкі, якія мы задакумэнтавалі, складаюць неапісальную, наўмысную жорсткасьць і гвалт супраць мірнага насельніцтва Украіны», — заявіў Г’ю Ўільямсан, дырэктар HRW ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла, што 2 красавіка Кіеўшчына была вызвалена ад расейскіх войскаў, былі вызваленыя, у тым ліку, Ірпень, Бучу, Гостомель, якія каля месяцы былі акупаваныя расейскімі войскамі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.