Кабінэт міністраў Украіны прыпыніў дзеяньне пагадненьня з урадам Беларусі аб супрацоўніцтве ў галіне стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі, прынятага 16 чэрвеня 1994 года. Адпаведная пастанова № 392 ад 1 красавіка апублікавана на ўкраінскім урадавым партале.
Гэткае ж самае рашэньне прынятае па аналягічным пагадненьні з Расеяй, піша BPN.
Міністэрству замежных спраў Украіны даручана «ва ўстаноўленым парадку паведаміць ураду Расейскай Фэдэрацыі і ўраду Рэспублікі Беларусь аб прыпыненьні дзеяньня пагадненьняў».
Міжурадавае пагадненьне, пра якое ідзе гаворка, было прынятае «з мэтай ліквідацыі тэхнічных бар’ераў у эканамічных і гандлёвых адносінах».
Дакумэнт замацоўваў дамоўленасьць бакоў узаемна прызнаваць сэртыфікаты і знакі адпаведнасьці на прадукцыю, вынікі дзяржаўных выпрабаваньняў, органы па сэртыфікацыі, арганізацыі, якія акрэдытуюць праверачныя і выпрабавальныя лябараторыі і цэнтры, а таксама самі гэтыя лябараторыі і цэнтры ды інш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прем’ер Галоўчанка: У 2022 Беларусь будзе разьлічвацца з РФ за газ і нафту расейскімі рублямі