Размаўляючы з журналістамі на борце самалёта на шляху ў Мальту, папа Рымскі Францішак сказаў, што разглядае магчымасьць наведваньня сталіцы Ўкраіны.
Пра гэта паведамляе беларуская служба «Радыё Ватыкан».
Традыцыйна вітаючы больш як 70 журналістаў, якія суправаджалі пантыфіка, Францішак адказаў на пытаньне карэспандэнта амэрыканскага тэлеканалу NBC NEWS наконт магчымасьці наведваньня Кіеву.
Пантыфік сказаў, што такая прапанова «ляжыць на стале». Пра гэта журналіст паведаміў у сваім твітэры.
Сярод тых, хто апошнім часам даслаў Папу рымскаму запрашэньні наведаць сталіцу Ўкраіны — мэр Кіеву Віталь Клічко.
Па прыбыцьці на Мальту, прамаўляючы перад уладамі і дыпляматычным корпусам, Францішак заклікаў «у ноч вайны, якая абрынулася на чалавецтва», не дазволіць «зьнікнуць мары аб міры».