У Марфы Рабковай у СІЗА-1 пагоршылася здароўе, але ёй не даюць належнай дапамогі

Марфа Рабкова

Марфа Рабкова пакутуе на болі ў жываце, запаленьне лімфавузлоў і крышэньне зубоў.

Палітзьняволенай праваабаронцы «Вясны» Марфе Рабковай, якую трымаюць у менскім СІЗА-1 на Валадарскага, патрабуецца тэрміновае абсьледаваньне. Аднак мэдычную дапамогу ў належным аб’ёме ёй не аказваюць, паведамляюць праваабаронцы.

На працягу свайго зьняволеньня ў СІЗА-1 у Марфы Рабковай неаднаразова ўзьнікалі праблемы са здароўем. Яна як мінімум двойчы траціла прытомнасьць (у чэрвені і ліпені 2021 года). Таксама яна некалькі разоў хварэла на COVID-19 — у жніўні і сьнежні 2021 году, а таксама кепска пачувалася і на пачатку 2022 году.

Да таго ж Марфа ўвесь час адчувае болі ў жываце, а таксама ў яе запаліліся лімфавузлы на шыі. Аналізы крыві, зробленыя Марфай яшчэ ўвосень 2021 году, былі дрэнныя: выяўлены нізкі гемаглябін і прыкметы запаленчага працэсу. Таму праваабаронца пачала дамагацца правядзеньня УГД.

Яго, як стала вядома «Вясьне», зрабілі Рабковай толькі ў сакавіку 2022 году — і знайшлі вадкасьць у малым тазе.

Такі стан выклікае сурʼёзную занепакоенасьць, бо патрабуе неадкладнага абсьледаваньня — хірургічнага і гінэкалягічнага. Марфе можа спатрэбіцца апэрацыя.

Акрамя таго, падчас УГД у шчытападобнай залозе дзяўчыны было выяўлена шмат ачаговых утварэньняў і кістаў. Каб вызначыць характар гэтых новаўтварэньняў, неабходна правесьці дадатковае абсьледаваньне.

Таксама ў Марфы Рабковай працягваюць разбурацца і крышыцца зубы. Дазвол на наведваньне стаматоляга ёй не даюць ужо каля 9 месяцаў.

Хто такая Марфа Рабкова

Палітзьняволеная праваабаронца Марфа Рабкова знаходзіцца ў СІЗА-1 з 17 верасьня 2020 году. Нядаўна ёй чарговы раз падоўжылі тэрмін знаходжаньня пад вартай. Крымінальную справу ў дачыненьні да Рабковай перадалі ў Сьледчы камітэт у сьнежні 2021 году, а ў студзені 2022 году — у пракуратуру для накіраваньня ў Менскі гарадзкі суд. Аднак судовы працэс па справе Марфы Рабковай так і не прызначаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фігурантаў, 10 крымінальных артыкулаў, да 15 гадоў турмы. Што вядома пра справу «Рэвалюцыйнага дзеяньня», якую перадалі ў суд

Марфа Рабкова — каардынатарка Валянтэрскай службы «Вясны». Яе затрымалі 17 верасьня 2020 году ў межах аднаго крымінальнага артыкула — ч. 3 арт. 293 КК (Навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, або фінансаваньне такой дзейнасьці). Меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту ёй увесь час падаўжалі. У лістападзе 2021 году стала вядома, што Марфу будуць судзіць ужо паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ўрад Беларусі адказаў ААН па «справе Вясны»

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);

Выйшлі на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.