1 красавіка Сьвятлана Ціханоўская наведвае Эстонію з афіцыйным візытам, у плянах на дзень шэраг сустрэч і выступаў, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
На сустрэчы зь міністаркай замежных справаў Эстоніі Эвай-Марыяй Ліймэтс Сьвятлана Ціханоўская падняла пытаньне адкрыцьця візаў і наданьня статусу е-рэзідэнта для беларусаў.
Яна таксама падзякавала за арганізацыю пасяджэньня сяброў Рады Бясьпекі ААН паводле формулы Арыі.
Сустрэча зь міністрам замежных спраў Францыі і ўдзел у канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН
Сёньня Сьвятлана Ціханоўская таксама сустрэлася зь міністрам замежных спраў Францыі Жанам-Івам Лё Дрыянам. Яны абмеркавалі беларускі антываенны рух і падтрымку Ўкраіны, закрыцьцё транзыту для падсанкцыйных тавараў церазь Беларусь, а таксама мэханізм кантролю за санкцыямі.
Ціханоўская расказала міністру пра апошнія акцыі беларускіх чыгуначнікаў, пра посьпехі антываеннага руху. Яна адзначыла, што беларускі народ мужна змагаецца за сваю свабоду і незалежнасьць, нягледзячы на масавыя арышты і допыты, і падкрэсьліла, што для Беларусі крытычна важна, каб любыя дамовы паміж Украінай і Расеяй уключалі вывад расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.
Таксама беларуская лідэрка распавяла Жану-Іву Лё Дрыяну аб праблемах беларусаў зь легалізацыяй, міграцыяй, аб істотных фактах дыскрымінацыі нашых грамадзян у краінах ЭЗ. Міністар адзначыў, што Францыя і Эўразьвяз адрозьніваюць беларускі народ і рэжым. Ціханоўская прапанавала стварыць адмысловую групу, якая будзе сачыць за выкананьнем санкцый, каб у рэжыму не было магчымасьці іх абысьці, і каб простыя людзі не цярпелі. Паколькі Францыя цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, яны абмеркавалі магчымасьць узьняць пытаньне Беларусі падчас бліжэйшых паседжаньняў Рады па замежных справах ЭЗ.
Таксама Сьвятлана Ціханоўская прыняла ўдзел у Канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН. Яна расказала пра ролю Беларусі ў канфлікце Расеі і Ўкраіны.
Гэта канфэрэнцыя праходзіць сёньня ў Таліне і падсумоўвае двухгадовае старшынства Эстоніі ў Радзе Бясьпекі ААН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высокі камісар ААН заклікала ўлады Беларусі выпусьціць палітвязьняў і правесьці расьсьледаваньні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вячорка: Украіна разьлічвае, што асьцярожнасьць з Лукашэнкам здолее паўстрымаць уваход яго арміі