Айцішніка затрымалі за перадачу фота расейскай вайсковай тэхнікі тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн»
Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьне на Гомельшчыне 30-гадовага IT-спэцыяліста Андрэя Уткіна.
У праўладных тэлеграм-каналах пішуць, што мужчына сфатаграфаў калёну расейскай вайсковай тэхнікі і даслаў тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн», які публікуе зьвесткі аб перамяшчэньнях па Беларусі расейскіх войскаў, што ўдзельнічаюць у агрэсіі супраць Украіны, аб запусках ракет і вылеце авіяцыі зь беларускай тэрыторыі.
15 сакавіка гэты канал прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Паводле папярэдняй інфармацыі, Андрэю Уткіну інкрымінуюць арт. 361-1 («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і арт. 361-4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Напярэдадні з гэтай жа прычыны затрымалі 43-гадовага чыгуначніка Аляксандра Лучыновіча, а 30 сакавіка – 32-гадовага IT-спэцыяліста Віктара Кулінку. Ім інкрымінуюць тыя ж артыкулы, паведамляе BPN.
Актывістаў Леаніда Кулакова і Маю Навумаву адправілі на «суткі» перад Днём Волі
Паводле праваабаронцаў, 24 сакавіка ў Менску затрымалі актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова і Маю Навумаву. Вядома, што на гэты дзень у Леаніда была позва ў Сьледчы камітэт. Маю выклікалі туды пазьней. Але, паводле папярэдняй інфармацыі, затрымалі іх дома. Пазьней суд арыштаваў Леаніда і Маю на 15 дзён. Артыкул, па якім судзілі актывістаў, пакуль невядомы, паведамляе «Вясна».
Былога фігуранта справы «Белага легіёну» Сяргея Стрыбульскага асудзілі на 15 дзён арышту
Праваабаронцам стала вядома, што былы фігурант справы «Белага легіёну» Сяргей Стрыбульскі быў затрыманы дома 23 сакавіка. У яго адбыўся ператрус. На наступны дзень — 24 сакавіка — Сяргею прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Па якім артыкуле — невядома. Цяпер яго трымаюць у ІЧУ на завулку Акрэсьціна. У межах якой справы ён затрыманы — невядома.
Праваабаронцы паведамляюць, што ён моцна пабіты.
- Стрыбульскага затрымлівалі летась увосень, тады ў яго забралі тэхніку і «пратэставую» сымболіку.
- У 2017 годзе Сяргея затрымлівалі ў межах гучнай справы «Белага легіёну». Тады ён правёў за кратамі 99 дзён і быў вызвалены — справу закрылі праз адсутнасьць складу злачынства.
- Справа «Белага легіёну» разгарнулася пасьля таго, як 21 сакавіка 2017 году Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэнаваліся ў лягерах са зброяй». Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. 30 лістапада 2017 году паведамілі пра спыненьне справы.
Што такое «Белы легіён»
Незарэгістраваная арганізацыя «Белы легіён» была заснаваная на пачатку 1990‑х гадоў чальцамі моладзевага крыла зьліквідаванага Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ).
У 90-я гады колькасьць чальцоў «Белага легіёну» не перавышала 200 чалавек. Яны бралі ўдзел у штогадовых спартовых зборах і летніках у розных кутках Беларусі. Мэтай арганізацыі абвяшчалася абарона незалежнасьці Беларусі, якая апынулася пад пагрозай праз падпісаньне саюзных дамоваў з Расеяй.
Чальцы арганізацыі ўдзельнічалі ў маніфэстацыі «Марш Свабоды» 17 кастрычніка 1999 году, якая скончылася сутычкамі зь міліцыяй на рагу вуліц Фрунзэ і Першамайскай. Тады 20 тысячаў чалавек выйшлі на вуліцы Менску, каб запатрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і расьсьледаваньня зьнікненьняў вядомых палітыкаў. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у выніку акцыі 53 міліцыянты атрымалі пашкоджаньні.
На пачатку 2000-х гадоў арганізацыя аб’явіла аб спыненьні свайго існаваньня за фармулёўкай «адсутнасьць грамадзкай неабходнасьці ў баявой арганізацыі нацыяналістаў, бо небясьпекі сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь больш не існуе». Пасьля гэтай заявы арганізацыя фактычна спыніла сваю публічную дзейнасьць.
Пазьней, дзякуючы ініцыятыве аднаго з заснавальнікаў, Сяргея «Бульбы» Чыслава, «Белы Легіён» пачаў дапамагаць украінскаму войску. Невядома, колькі сяброў налічвае арганізацыя ў 2022-м годзе, сам Чыслаў нярэдка выступае вайсковым экспэртам у беларускіх незалежных СМІ і ўкраінскай прэсе.