Пажар адбыўся на нафтабазе ў Белгарадзе. Пра гэта ў пятніцу паведаміў губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў у сваім Telegram-канале.
«Адбыўся пажар на нафтабазе ў горадзе Белгарадзе. Усе надзвычайныя службы выехалі на месца. Прымаюцца захады для яго ліквідацыі», — сказаў ён.
На відэа трапіла атака на нафтабазу двух гелікоптэраў. Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што ўдар па ёй нанесьлі два ўкраінскія верталёты, якія прыляцелі на малой вышыні (Белгарад за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад украінскай мяжы).
«Пажар на нафтабазе адбыўся з прычыны авіяўдару з двух верталётаў Узброеных сіл Украіны, якія зайшлі на тэрыторыю Расеі на нізкай вышыні», — сказаў Гладкоў.
Ніякіх відэа ці дадатковых тлумачэньняў, як гелікоптэры перасеклі мяжу, няма.
Увечары 1 красавіка сакратар украінскай Рады нацыянальнай бясьпекі Аляксей Данілаў заявіў, што Ўкраіна ня мае дачыненьня да пажару на нафтабазе ў Белгарадзе.
Удзень 1 красавіка Вячаслаў Гладкоў паведаміў у сваім Telegram-канале, што два чалавекі пацярпелі.
«Пачынаем расьсяляць жыхароў вуліц Паштовай, Макаранкі і Канстанціна Заслонава ў больш бясьпечнае месца», — напісаў губэрнатар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузія вырашыла далучыцца да санкцыяў супраць Расеі